Наста Дашкевіч: “Хачу звычайную белую сукенку!”

Са словаў Насты лідэр “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч трымаецца бадзёра, на здароўе не скардзіцца, але пры гэтым выглядае стомленым.

 

– Зміцера прывялі на спатканне самым апошнім, – распавядае Наста, – мы мелі мажлівасць паразмаўляць праз шкло крыху менш за 2 гадзіны. Мы не так даўно бачыліся – падчас заключэння шлюбу 26 снежня 2012 г., але мне падалося, што адзінае дазволенае на год кароткае спатканне варта было ўзяць менавіта зараз, бо Зміцера могуць, да прыкладу, пасадзіць у ШІЗА і ў выніку пазбавіць права на спатканне…

 

Як выглядае Зміцер?

– Як чалавек, які больш за два гады знаходзіцца за кратамі, значную частку гэтага часу – у ШІЗА… То бок Зміцер вельмі бледны, схуднелы, з кругамі пад вачыма. Ведаю, што ён мае праблемы са спіной, а таксама са зрокам, які апошнім часам моцна пагоршыўся. Сам Зміцер, канешне, пасміхаецца і ні на што не скардзіцца, кажа: “Усё нармальна”. Наадварот падбадзёрвае, цікавіцца маёй вучобай, сесіяй.

 

Які ягоны настрой?

– Узнёслы, Зміцера на спатканне забралі акурат са шпацыру ў дворыку. Распавядаў мне, што нават зоры паспеў пабачыць. Ён разумее, што гэта нашае адзінае 2-гадзіннае спатканне за два гады: мы наразмаўляліся пра ўсё на свеце. Але пры гэтым адчуваўся боль за тое, што зараз мы сыйдзем і ўсё…

 

Ці мае Зміцер нейкае бачанне наконт тэрміну свайго выхаду?

– У гэтым акурат праблема: пэўнасці няма ніякай, чарговы тэрмін могуць “даматаць” у любы момант. Таму ён просіць наўпрост трымацца і спадзявацца на Бога.

 

Якая сітуацыя з прэсай ды лістамі?

– Зміцер акурат цікавіўся наконт свайго артыкула, які меўся выйсці ў “Народнай Волі”. З лістамі сітуацыя нерэгулярная – часам хутка даходзіць, часам – не.

 

Ці закраналі вы нейкія грамадска-палітычныя тэмы?

– Размова мела выключна асабісты характар, хоць мы абодва разумеем, што адбываецца навокал. Дашкевіч пры гэтым усведамляе, што ад яго зараз нічога не залежыць, але ён ні аб чым не шкадуе.

 

Ці маеце нейкія планы на мядовы месяц?

– Мядовы месяц мы пакуль не абмяркоўвалі. Хочацца пакуль, каб ён выйшаў, даехаў да хаты, адпачыў. Пасля разам вырашым. Вянчанне будзе абавязкова.

 

Вяселле ваша пройдзе ў вышыванках?

– Не (смяецца), я хачу звычайную белую сукенку!

 

Здымак Яна Лялевіча