Самы сучасны “пажарны” дом у Гродне

| Без катэгорыі

У новым будынку ПАВЧ ПАВА N 7, а калі прасцей, то пажарна-выратавальнай часткі, ідуць апошнія прыгатаванні.

 

align=”left” alt=”Павел Дзенісевіч” >“Увечары прыедуць дызайнеры – будуць упрыгожваць нам сцены, –  з гонарам кажа  начальнік часткі Павел Дзенісевіч, праводзячы нас па новых, яшчэ неабжытых, памяшканнях. – Вось тут байцы будуць перапранацца, а тут – унікальная сістэма для прасушкі адзення”.

 

З выгляду простая тэкстыльная шафа! Але аказваецца, такой сістэмы няма ў іншых частках не толькі горада, але і вобласці. Разам са спецыяльнай пральнай машынай, яна выдатна дапамагае выратавальнікам, эканомячы час ды электраэнергію.

Шафа для сушкі працівагазаў

 

Эканомная і сістэма аўтамыйкі. Пажарныя машыны павінны быць чысцюткія. Каб дарэмна не выкарыстоўваць вялікую колькасць вады, была закуплена спецыяльная сістэма, дзе выкарыстаная вада праходзіць ачыстку і зной прыдатна для выкарыстання.

 

“Прадстаўнікі фірмы, дзе набыта абсталяванне, запэўнівалі, што ваду пасля ачысткі можна нават піць”, – смяецца Павел Дзенісевіч.

 

Каштаваць мы не адважыліся, але сістэма, канешне, уражвае. Як і сістэма цеплавога бар’ера ў гаражы. Калі для выезду баявых машын адкрываюцца ралеты, з абодвух бакоў варот падаецца гарачае паветра, каб халоднае не трапіла ўсярэдзіну. Для падтрымкі аптымальнай тэмпературы “разумная” сістэма не нагнятае паветра з вуліцы, а падагравае тое, што ўнутры. Гэта дае магчымасць добра эканоміць.

 

Начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Пётр Коржык (на здымку) зазначыў:

 

“Частка будавалася амаль год. На яе абсталяванне і пабудову грошы выдзеліў аблвыканкам. Тое, што яна з’явілся ў нашым горадзе – вельмі важна. Вядома, што Гродна хутка расце. Таму прыспеў час і для будаўніцтва новай часткі”.

 

Выратавальнікі павінны выехаць праз 35 секунд пасля паступлення сігнала. Аднак, ёсць жа розніца – ехаць да месца пажара 5-8 кіламетраў, ці 1-2. Тым больш, размяшчэнне часткі вельмі ўдалае – ў невялікай адлегласці знаходзяцца і мікрараёны Паўднёвы -5, 6, якія цалкам “закрываюцца”.

 

У новай частцы працуюць 54 чалавекі. Поўная змена – 16 чалавек. Гэта новыя працоўныя месцы, жадаючых на якія было значна больш. “Выбіралі лепшых”, – кажа Пётр Коржык.

 

Такі ажыятаж не здзіўляе. Працаваць у новым будынку вельмі камфортна. Ёсць тут сучасная трэнажорная зала, вучэбны клас, пакоі адпачынку. Па нормах у час сутачнага дзяжурства выратавальнікі павінны адпачываць чатыры гадзіны.

 

На другім паверсе – пакой псіхалагічнай разгрузкі, куды абяцаюць набыць вялікі акварыум з рыбкамі. Ёсць вучэбная вежа, дзе выратвальнікі будуць адточваць сваё майстэрства, адпрацоўваючы розныя элементы ды, можа, нават рыхтавацца да міжнародных спаборніцтваў. Дарэчы, каманда пажарных і ратавальнікаў з Беларусі стала чэмпіёнам свету. Сярод яе ўдзельнікаў былі і два гарадзенцы.

Каля будынка стаяць новенькія чырвоныя МАЗы. Аўталесвіца даўжынёй  52 метры – адзіная ў вобласці. Яна можа працаваць на апошніх паверхах гмахаў, куды не дастае іншае абсталяванне, што вельмі важна ў новых мікрараёнах з іх шматпавярховымі дамамі.

 

Нават невялікая экскурсія ў новым “пажарным” доме ўражвае. Бачыш, як тут удала ўжытыя новыя перадавыя тэхналогіі, самае сучаснае абсталяванне, інтэр’ер пакояў адпачынку, які нават крыху нагадвае дэкарацыі фільмаў, і разумееш: вось яно, ХХІ стагоддзе, сапраўды прыйшло, хаця б на гэты невялічкі кавалак гарадзенскай зямлі.

 

Здымкі Яна Лялевіча