Юры Качук: “Хачу атрымаць Нобелеўскую прэмію па літаратуры!”

|

Кніга “Моц смаку” выйшла ў 2010 годзе. Аўтар-укладальнік падае ў ёй больш за 350 рэцэптаў з падрабязным апісаннем гатавання страваў і здымкамі, зробленымі ў часе гатавання.


Юры Качук сабраў найлепшыя рэцэпты страваў з яйкаў, заедкаў з гародніны і селядца, страваў з грыбоў, варыва, мясных страваў, страваў з дзічыны, рыбных страваў, з агародніны, малака, мукі і круп, ласункі і слодычы, напоі.

 

Ён ганарыцца плёнам сваёй працы і водгукамі, якія атрымлівае ад чытачоў: знаўцаў кулінарыі і аматараў беларускай даўніны.

 

Юры Качук:

-Гэта не мая кніга, дакладней, не толькі мая, а ўсіх беларусаў,  гэта народная кніжка. Я выдумаў яе, каб заахвоціць не толькі да кулінарыі, а ўвогуле да творчасці.

 

Я ў захапленні ад сябе таго, якім быў 2 гады таму, калі зрабіў “Моц смаку”. Ганаруся сабой, можа такога я больш ужо не выдам. Прыгатаванне, фотаздымкі, макет кнігі – усё я сам рабіў.

 

Працаваў над гэтай кніжкай бадай усё жыццё. Што ведаў, што мог аддаць – усё аддаў.

 

 

– У чым унікальнасць гэтага выдання?

– У тым, што я зрабіў акцэнт на сённяшні дзень. Не ведаю, што будуць есці беларусы і ўвесь свет праз 50 гадоў, можа ежу з цюбікаў, але я падсумаваў усё найлепшае на сёння. Шмат адкрыў рацэптаў сваіх продкаў. Мне іх перадалі бабуля, мама.

 

– З якога часу паходзяць самыя раннія рэцэпты “Моцы смаку”?

– Самае ранняе – пачатак 19 стагоддзя. Рэцэпты майго славутага продка Казіміра Ленеца, які паходзіў з тэўтонскіх рыцараў.

Напрыклад, “Бэбах”, чулі? Гэта свіны страўнік, у які шмат чаго нафаршыравана, ён пасля запякаецца. Таксама “Языкі ў вушах”. Вельмі смачна! Гэтыя рэцэпты былі ў запісах маёй бабулі.

 

-Вы перагарталі сотні рэцэптаў, прыгатавалі сотні страваў. Цікава, што найбольш смакуе аўтару энцыклапедыі кухарства?

– Беларускі хлеб. Гэта мой адказ. Самы найсмачнейшы, ніколі не прыядаецца.

Дзе толькі я ні быў, усюды хлеб штучны. У нас ён найсмачнейшы.

Еў японскі рысавы, італьянскі, тонкі як павуцінка, але наш хлеб мне смакуе найбольш.

 

Юры Качук падкрэслівае, што “Моц Смаку” завяршыла пэўны этап у ягоным жыцці, і мае грандыёзныя планы на будучыню:

 

– Хачу атрымаць Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Рыхтуюся. Гэта будуць супернавэлы пра вайну, яе пакуль так не асэнсаваў ніхто. Да 2015 года планую ўкласці зборнік.

 

Прэзентацыя “Моцы смаку” Юрыя Качука адбудзецца ў Гродзенскай абласной бібліятэцы імя Карскага заўтра ў 16.30.

У аўтара засталося некалькі асобнікаў кнігі, набыць якія можна будзе ў часе прэзентацыі.

 

Гэта ўжо другая “кулінарная” кніга Юры Качука. Некалькі год таму разам з польскай даследчыцай гісторыі кухні беларуска-польска-літоўскага памежжа Янінай Чыжэўскай ён напісаў двухмоўную “Традыцыйную кухню Беласточчыны і Гарадзеншчыны”.

 

 

Здымкі nn.by  і з архіву “Твайго стылю”