Калегі не вераць у самагубства Гуменюка
Трагедыя адбылася ў суботу 19 студзеня паміж сёмай і восьмай вечара: вядомы журналіст і літаратар Юры Гумянюк выпаў з дзявятага паверху гарадзенскага інтэрната па вуліцы Сухамбаева. Імгненная смерць.
У суботу Гумянюк не браў слухаўкі, бо пакінуў у хаце тэлефон. Маці, у адным доме з якой ён жыў, казала знаёмым, што сын выйшаў па нейкіх справах. У нядзелю ж Юрась збіраўся пайсці на прэзентацыю кнігі “Справа Бяляцкага”…
Журналіст Ян Роман, які разам з Гуменюком на працягу пяці год працаваў на радыё “Рацыя”, ды размаўляў з ім за дзень да смерці, не верыць у афіцыйную версію:
“Тое, што зараз пішуць аб самагубстве – гэта яшчэ пад вялікім пытаннем. Юра нешта ўвесь час падазраваў, …падазраваў, што так можа здарыцца. Мне ён казаў аб гэтым некалькі разоў. Ведаючы Юру, не магу паверыць, што ён скончыў жыццё па ўласным жаданні”.
Роман узгадвае, што Гумянюк (“Гума” – неафіцыйна ў журналісцкай тусоўцы) адказна ставіўся да працы, на тых жа маўклівых акцыях атрымаў у 2011-м 12 сутак. Па выхадзе з сутак Юрась напісаў у блогу: “…Мы разам сядзелі і клалі на рэжым”, што сведчыць аб ягоным пачуцці гумару.
“…Мне ў той вечар патэлефанавала ягоная маці, – працягвае Роман, – з пытаннем: “Ці адчыняць міліцыянтам дзверы?”, бо людзі ў форме былі частымі гасцямі ў іх. Юра баяўся, што супраць яго можа быць учыненая нейкая правакацыя.
Дзіўна, што міліцыянты адразу сказалі маці, што ейны сын скончыў жыццё самагубствам – ніякага следства, ясна, яшчэ не было праведзена. Гэта і насцярожвае”.
Вахцёрка ў інтэрнаце на Сухамбаева, куды Юрась ды маці часам хадзілі мыцца да знаёмых, даволі эмацыйна настойвае на самагубстве Гуменюка:
“Чалавек гэты мэтанакіравана зайшоў, ён ведаў, з якой мэтай ішоў. Можа і ў іншыя дамы заходзіў, але там яго не пусцілі, а ў нас балконы выходзяць з агульных кухняў, таму проста.
Падняўся на 9-ы паверх, зайшоў у блок, на кухню, на балкон і ўніз – м э т а н а к і р а в а н а ! Нешта здарылася ў яго, тым больш ён БНФавец…
Усё можа быць у жыцці. Кажуць, што ён не першы раз спрабаваў скочыць – усё адно б скочыў. Ніхто яго не штурхаў. Хлопец зайшоў на кухню мыць посуд, той прайшоў поруч з ім, адчыніў шпінгалет і скочыў – са словаў зменшчыцы кажу”.
Месца куды ўпаў Юры
Кінулася ў вочы ўпартая перакананасць супрацоўніцы гуртожытку. Мажліва – плён размоваў з міліцыяй, хто ведае. Ды і пры чым тут “БНФавец”?..
Паэтка Данута Бічэль можа лічыцца адной з настаўніцаў Гуменюка ў плане літаратуры. Юрась акурат належыў да пост-мадэрнай хвалі маладых паэтаў, якая з’явілася ў Гродне ў 90-х ды пэўны час гуртавалася вакол музея Багдановіча (“Суполка Багдановіча”), дзе працавала Данута Янаўна.
“Хваля Багдановіча, хваля Танка, потым – яны, – распавядае пані Данута, – Эдзік Мазько, Андрэй Пяткевіч, Зміцер Кісель, Славік Клебан, Юры Кісялеўскі, Юра Гумянюк… Яны эмацыйна ды амбітна пісалі, друкаваліся, цэнзуры ў 90-х амаль не было.
Але пост-мадэрн разбурае. Нажаль, у нашых хлопцаў склалася вельмі трагічна: большасць загінула не сваёй смерцю. Жывы хіба Юрась Пацюпа застаўся ў Мінску ды Юры Карэйва ў Лідзе. Мажліва варта вярнуцца ад пост-мадэрну да рэалізму, які адпачыў ды набыў новыя нацыянальныя формы?”
А яшчэ для Дануты Янаўны Юрась атаясамляецца з грушкамі ды грэцкімі арэхамі, якімі той рэгулярна частаваў усіх, у каго браў інтэрв’ю. Побач з прыватным драўляным домам на вуліцы Веры Харужай (на здымку), дзе да апошняга Юрася чакала маці, пад снегам застаўся каржакаваты сад, пасаджаны дзедам паэта.
Пахаванне Юры Гуменюка адбудзецца ў сераду 23 студзеня на могілках па праспекце Касманаўтаў. Развітанне ў мемарыяльнай зале ля ўваходу на могілкі з 16 да 17 гадзін. Адпяванне ў доме Гуменюкоў (вул. Веры Харужай, 18) з 12 да 15. |
||
Здымкі аўтара, Яна Лялевіча і з архіву “Твайго стылю”