Супрацоўнікі ДАІ выехалі на месца здарэння і затрымалі ўгоншчыкаў
Паведамленне пра тое, што на вуліцы Белыя Росы машына знесла светлафор, у дзяжурную частку паступіла сёння каля 4 гадзін раніцы.
На месцы здарэння супрацоўнікі патрульна-паставой службы ўбачылі пашкоджаны “Опель Аскона”, пашкоджаны светлафор і нікога з людзей.
Спецыялісты ўбачылі таксама, што машыну заводзілі без выкарыстання ключа – з замка тырчэлі правады.
У гэты момант па вуліцы на вялікай хуткасці праімчэла машына такой самай маркі з замерзлым шклом.
Супрацоўнікі ДАІ пачалі пераслед.
Невядомы кіроўца не рэагаваў на патрабаванні спыніцца.
Да пагоні далучыліся супрацоўнікі “Аховы”. Хутка на перакрыжаванні “Опель” занесла, і машына спынілася.
З яе выбеглі тры чалавекі. Двух з іх атрымалася затрымаць, у тым ліку пьянага 17-гадовага кіроўцу.
Як распавялі парушальнікі, яны ўначы пілі піва, а пасля выйшлі на вуліцу. У адным з двароў заўважылі прыпаркаваную машыну і вырашылі пакатацца. У кішэні аднаго з кампаніі быў ключ ад аўто такой самай маркі.
Зламыснікі здолелі завесці машыну, але хутка наехалі на светлафор і збеглі.
У бліжэйшым двары яны заўважылі яшчэ адну “Аскону”, вырашылі далей ехаць на ёй, і амаль адразу сустрэліся з супрацоўнікамі дарожна-паставой службы.
Паводле прэс-службы Гродзенскай ДАІ
Здымак http://auto.gazeta.kz