Як лавілі Каліноўскага?
Кастрычнік 1862 года. Каля пяці гадзін папоўдні ў вёсцы Шайпякі на ваўкавыскім паштовым тракце з’явілася брычка, запрэжаная парай коней. Акрамя фурмана ў брычцы пасажыр, апрануты ў авечае футра, пакрытае сукном, з вялікім чорным каўнерам. Такое футра ў той час было уласціва сялянам. Сярэдняга росту брунэт з чорнымі вусамі аглядаў ваколіцы з-пад казырка фуражкі з зорачкай Грамадзянскага ведамства. Гадкоў хіба 35-36…
Менавіта так апісвалі сяляне Вікенція Канстанціна Каліноўскага на размове з Прыставам 2-га стану Каллсяпекіным. Фурмана ж апісалі даволі сціпла: “белокурый, усов русых”.
Мясцовыя чыноўнікі хутка даведаліся, што менавіта з гэтай брычкі, “злонамеренные люди” ад некаторага часу пачалі падкідваць сялянам “брошюры возмутительного содержания для чтения под заглавием Мужытская правда”. Сапраўды, чытаючыя гэтак званыя “брошюры” ў сялян маглі ўзнікнуць “разнородные мысли”.
Арыгінальныя нумары “Мужыцкай праўды”. Экспанаты з выставы ў Нацыянальнай бібліятэцы да 150-годдзя выдання газеты. Крыніца: nlb.by
Праз некаторы час сведкаў гэтай падзеі, сялян: Марціна Мікуцына, Антона Агіевіча і Міхала Лукашэвіча запрасіў да сябе Прыстаў 2-га стану Каллсяпекін для размовы і высвятлення знешняга выгляду фурмана і пасажыра, якія раскідвалі скруткі з другім нумарам “Мужыцкай праўды”.
Высветлілася, што сведкі былі непісьменныя, і падабраўшы скруткі пачалі звяртацца “к грамотным своим собратьям прочитывать”. Пасля кароткай размовы сяляне пагадзіліся апазнаць пасажыра, калі яго ім “представят”.
Затрымаць распаўсюдніка
Пачаліся следчыя мерапрыемствы, кажучы па-сучаснаму. Каллсяпекін адразу звярнуўся ў Ружанскую паштовую станцыю для навядзення даведак аб тым, хто ж арандаваў фурманку 7 кастрычніка. Арандатарам апынуўся нехта “Дворянин Викенти Калиновский”. Фурмана Каллсяпекін дапытаў асабіста.
Рапарт з пазнакай “Секретно” быў накіраваны гродзенскаму губернатару Фон-Галеру. Аб гэтай падзеі Фон-Галер паведаміў у Вільню – таму самаму сумнавядомаму генерал-губернатару Мураўёву, альбо Мураўёву-вешальніку, які сёння ў вачах некаторых “беларускіх” гісторыкаў стаў раптам “талантливым администратором”…
Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў-Віленскі, партрэт і факсіміле з юбілейнага выдання “Министерство внутренних дел. 1802-1902. Исторический очерк”, СПб 1901
Прачытаўшы “брошюру”, Мураўёў адразу пачаў рассылаць па ўсіх паліцэйскіх аддзяленнях Віленшчыны і Гарадзеншчыны зашыфрованыя лісты, з патрабаваннем затрымаць распаўсюдніка.
Начальнік корпусу жандармаў Вітт рапартуе гродзенскаму губернатару, што 7 лістапада родная вёска Каліноўскага Якушоўка (ускраек Белавежскай пушчы, сённяшні Свіслацкі р-н) знаходзіцца пад сакрэтным наглядам. Але ані ў вёсцы, ані на ўездзе Канстанцін не быў заўважаны. Паліцыя ў разгубленасці: “а между тем доходят ко мне слухи, что он уже пойман… и следует-ли за поимкою Калиновского продолжать по уезду наблюдать”.
Кайнеўскі? Кайноўскі? Каліноўскі?
Да ўсяго іншага пачалася блытаніна з імем ды прозвішчам пасажыра. Калі расшыфраваць ліст Мураўёва, то выходзіць, што трэба затрымаць …Кайнеўскага альбо Кайноўскага, але ніяк не Каліноўскага.
Яшчэ больш заблытаў справу Ігнаці Казлоўскі – ксёндз ды прыяцель Кастуся, з якім ён ехаў у Гродна. 9 лістапада Вітту ксёндз Ігнаці паведаміў, што імя яго сябра не Вікенцій, як сцвяржаў Каллсяпекін, а Канстанцін. Ксёндз далей блытае следчых, паведамляючы, што ў той дзень ён разам з Каліноўскім ехаў у Гродна, але даехаў Канстанцін толькі да Індуры, дзе і застаўся.
Следства ў тупіку. З Вільні патрабуюць затрымаць Кайноўскага, Каллсяпекін паведамляе, што трэба лавіць Вікенція Каліноўскага, ксёндз кажа пра Каліноўскага, але Канстанціна… ды ўказвае супрацьлеглы напрамак для пошуку. У выніку Вітту даводзіцца паведаміць гродзенскаму генерал-губернатару Фон-Галеру, што раскідваў скруткі не Каліноўскі, а зусім іншая асоба.
Будучы лідар паўстання заблытаў следства і выйшаў з гульні пераможцам!
І нарэшце… 16 красавіка 1863 года ў вёсцы Шайпякі ізноў з’яўляецца паштовая брычка. Ізноў невядомы чалавек раскідвае таямнічыя скруткі. Гэтым разам аркушы з “Мужыцкай праўдай №3”. Ужо трэці раз гутарыць Яська-гаспадар з-пад Вільні з мужыкамі. Справа аб “Брошюрах возмутительного содержания” адноўленая. На Каліноўскага пачынаецца сапраўдне паляванне…
Працяг будзе.
Першая ілюстрацыя: Мікола Купава, “Кастусь Каліноўскі”, 1978, каляровы лінарыт