У Гродзенскім музеі Максіма Багдановіча будзе экспазіцыя, прысвечаная Васілю Быкаву
У бліжэйшы час жыхары кватэр №3 і №5 пераедуць у добраўпарадкаванае жыллё па вуліцы Касцюшкі, а музей атрымае больш за 100 квадратных метраў дадатковай плошчы.
Дырэктар музея Святлана Рапецкая распавяла “Твайму стылю”, што дадатковыя плошчы дадуць установе новы штуршок да развіцця:
– Вызваляецца адна кватэра на першым і адна – на другім паверсе.
Мы плануем зрабіць выставачную залу, экспазіцыйную залу, павялічыць плошчу фондасховішча. Калі хопіць месца, яшчэ і сувенірны кіёск. Вельмі патрэбна нам і памяшканне, дзе можна было б праводзіць розныя імпрэзы.
Хочам адну экспазіцыйную залу прысвяціць Васілю Быкаву. У фондах ёсць пэўныя матэрыялы: і дакументы, і фотаздымкі, і лісты, і шмат чаго іншага. Зараз працуем над навуковай канцэпцыяй экспазіцыі.
Паводле намесніка начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гродзенскага гарвыканкама Аляксандра Хамені, рашэнне гарвыканкама пра адсяленне жыхароў двух кватэр плошчай 56,87 і 48,66 квадратных метраў прынятае яшчэ ў снежні.
Людзі маюць на руках дамовы найму і магчымасць пераехаць у любы момант.
Пасля гэтага ў музейным будынку застанецца апошняя сям’я, якая займае плошчу 39,3 квадратныя метры. З гэтай сям’ёй таксама вядуцца перамовы пра пераезд у іншую кватэру.
Святлана Рапецкая:
– Мы вельмі ўдзячныя тым людзям, хто неабыякавы да беларускай літаратуры і культуры, і кіраўніцтву нашай вобласці і горада, таму што шмат у чым яны спрыяюць і дапамагаюць.
Мне вельмі прыемна, што нешта зрушылася за апошнія 3 гады, але шмат працы яшчэ наперадзе: перапланіроўка, рамонт.
Памяшканне павінна быць злучана ў адно, неабходна прадумаць, як будуць рухацца наведнікі, экскурсійныя маршруты, набыць неабходнае абсталяванне.
Пачатак музею Максіма Багдановіча, распавядае ягоная першая дырэктарка Данута Янаўна Бічэль, пакладзены ў 1982 годзе, калі ў памяшканні адной з кватэр будынка размясціўся літаратурны аддзел гісторыка-археалагічнага музея. Першая экспазіцыя адчынілася ў 1986 годзе.
Да 100-годдзя Максіма Багдановіча музею аддалі яшчэ 3 кватэры, жыхары выехалі ў 1991 годзе, і 26 мая 1994 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новай экспазіцыі.
Летась вызвалілася яшчэ адна кватэра.
Калі вырашыцца пытанне з адсяленнем уласнікаў апошняй кватэры на першым паверсе, музей нарэшце зойме будынак цалкам.
Першапачаткова музей дзяліў дом з жыхарамі 9 кватэр.
Здымак http://prosto-free.livejournal.com