У Мінску забаронены выступ гродзенскага гурту Dzieciuki

|

«Канцэрт адбыўся, але мы ў ім не гралі, — распавёў НН вакаліст гурту Алесь Дзянісаў. — Нам сказалі арганізатары, каб мы нават блізка не падыходзілі да клуба, бо іначай нас затрымаюць».

 

І сапраўды, паводле сведчанняў відавочцаў, каля Jolly Roger Cafe дзяжурыў аўтазак, вуліцу Талбухіна патруляваў АМАП.

Паводле папярэдніх звестак, праблемы з гэтым канцэртам пачаліся пасля званка «з вышэйшых інстанцый».

 

«Чаму забаранілі? Бо існуюць чорныя спісы, — кажа А.Дзянісаў. — А гродзенскія „КальЯн“ і Deviation былі ў іх яшчэ раней за мінскія гурты».

 

Праект «Дзецюкі» быў заснаваны ў Гродне ў мінулым годзе з удзелам вакаліста «Кальяна» Алеся Дзянісава, грае фолк-панк на беларускай мове.

Значная частка тэкстаў гурту прысвечаныя беларускім героям-паўстанцам розных часоў — каліноўцам, балахоўцам, «лясным братам».

Сярод магчымых прычын забароны выступу згадваецца інтэрв’ю сайту Хартыя’97, якое музыкі далі напярэдадні.


Dzieciuki: Панкі, натхнёныя Каліноўскім

Яны хочуць данесці да сваёй аўдыторыі тое, пра што не распавядаюць у школе.

Новая гродзенская панк-фармацыя карыстаецца немалым попытам. Толькі што яны прыехалі з Варшавы, да гэтага гралі ў Катавіцах, Любліне, Бэлхатуве, Аполе і Сувалках. На Радзіме музыкі выступаюць радзей. Да іх, як да «ідэалагічна недобранадзейных» асаблівая ўвага.

 

Dzieciuki ўжо ўвайшлі ў гісторыю беларускага року, як гурт, першы канцэрт якога апынуўся пад забаронай. Тым не менш, цяпер музыкі рыхтуюцца да шэрагу выступаў у Беларусі: Мінск, Гродна, Баранавічы. Ад частых канцэртаў хлопцы не выглядаюць стомленымі, але ўсё адно абмяркоўваюць пытанне наконт таго, каб часова згарнуць канцэртную дзейнасць. Неабходна заняцца шчыльнай працай у студыі, каб выдаць дэбютны дыск. Яны ўжо абвесцілі ў сваёй суполцы, што 2 лютага даюць свой апошні канцэрт у 2013 годзе. Але не факт, што гэта будзе так: Dzieciuki заўжды з ахвотай прымаюць прапановы выступіць і гатовыя ехаць хоць на край свету.

 

Гродзенцы граюць панк-рок з выкарыстаннем дуды і флейты. Тэксты — выключна па-беларуску і выключна на гістарычную тэматыку. На сваіх канцэртах яны распавядаюць неабазнаным пра Каліноўскага і Булак-Балаховіча ды выконваюць бадзёрыя песні ў рытме ска-панку, пад якія людзі слэмяцца без стомы. Спяваюць у гурце два чалавекі — Паша Трабл і Алесь Дзянісаў, а ідэолагам каманды з’яўляецца гісторык Дзяніс Жыгавец, менавіта ён піша тэксты для ўсіх песень «Дзецюкоў».

 

— Мы граем гродзенскі панк-рок, з прыстаўкай нацыянальны. Вырашылі закласці такую канцэпцыю і стварыць нацыянальны панк-рокавы гурт. «Нацыянальны» — гэта значыць не толькі прыналежнасць да нацыі. Мы імкнемся культываваць нашыя нацыянальныя каштоўнасці праз панк-музыку. Вершамі нікога асабліва не здзівіш, праз музыку куды больш рэальна данесці свае ідэі.


— Але з чаго вы вырашылі, што можаце павучаць людзей?

— Мы адчуваем неабходнасць данясення да маладога пакалення той інфармацыі, якую да іх не данясуць на ўроках гісторыі. У нас у гурце два гісторыкі з адукацыі, усе без выключэння ўдзельнікі каманды цікавяцца гэтай тэматыкай. Мы жывем у Горадні — культурнай сталіцы краіны, якая мае сваю гістарычную школу, закладзеную Міхасём Ткачовым. Дык чаму б нам не выказацца з гэтай нагоды і не абудзіць у нашых слухачоў патрыятычныя пачуцці, гонар за сябе і сваю радзіму? Ведаеце, у Беларусі хапае гуртоў, якія граюць панк-рок, але няма ніводнага, які б паклаў у аснову сваіх песень гераічны эпас. Мы вырашылі ўзяць гэтую справу ў свае рукі.


— Хто героі вашых песень?

— У беларускай гісторыі ёсць багата яскравых асобаў.

Усе ведаюць пра таго ж Каліноўскага, Булак-Балаховіча. Але застаюцца ў цені тыя людзі, якія былі з імі, якія мелі гонар і шанавалі свабоду. Іх была неверагодная колькасць. І пра іх мы пяём, ім прысвячаем свае песні і мы марым, каб сучасныя беларусы сталі такімі ж, якімі яны былі калісьці ў гісторыі. На сёння большасць беларусаў не цікавіцца сваёй гісторыяй. Папрацаваць і адпачыць — па такой завядзёнцы жывуць людзі. Мы хочам хоць трошкі памяняць такое становішча.


— Не думаеце, што абраная стылістыка звужае вашу аўдыторыю?

— Мы граем для найбольш актыўнай аўдыторыі. Менавіта ім жыць далей і змяняць сітуацыю да лепшага.

Менавіта яны могуць нешта зрабіць у будучыні. І калі наша музыка іх узрушыць да дзеяння, значыць мы дасягнулі сваёй мэты. Заўважаем, што людзі актыўна цікавяцца нашай музыкай і чакаюць нас з канцэртамі. Значыць, не марную справу робім.


— Дзе можна знайсці вашы запісы і дзе вас пачуць ужывую?

— Мы ўтварыліся толькі ў мінулым годзе, так што напрацавалі яшчэ небагата. Пакуль маем дэма-сінгл пад назвай «Гарадзенскі гармідар», які можна паслухаць на нашай старонцы ў сеціве. Там таксама можна дазнацца пра нашы бліжэйшыя выступы. Рыхтуемся запісаць поўнавартасны альбом. Ужо гатовыя 10 кампазіцый, плануем зрабіць яшчэ парачку. Запіс збіраемся пачаць у красавіку. Ёсць таксама ідэі кліпаў.


— Якія вы бачыце перспектывы для сябе ў Беларусі?

— Цяжка сказаць з уліку таго, што першы ж наш канцэрт у Гродне, прысвечаны памяці Кастуся Каліноўскага, быў забаронены. Чамусці так сталася, што патрыятычныя аспекты нашай гісторыі не ўхваляюцца дзяржавай. Таму на дзяржаўным узроўні мы выступаць не зможам. І дзякуй богу.

Ёсць пазітыўны момант у тым, калі не даюць выступаць — больш часу тады застанецца на працу ў студыі.


— Ясна, што вам, як і кожнаму адэкватнаму беларусу шмат чаго не падабаецца з таго, што робіцца ў краіне. Таму лепш скажы, што вам падабаецца?

— Я сапраўды стаў заўважаць, што людзі пакрысе пачынаюць цікавіцца гісторыяй з таго боку, з якога мы яе бачым. Беларусы прыходзяць да разумення таго, што яны мусяць мець сваіх герояў. Рух у гэтым кірунку ідзе, бо раней з гэтай нагоды адчувалася поўная абыякавасць. А калі людзі паважаюць сваю мінуўшчыну, то яны паважаюць саміх сябе, а значыць будуць рабіць усё дзеля годнай будучыні, стануць больш актыўнымі. Зразумеюць, што ўсё залежыць ад іх саміх і перастануць слухаць дзядзьку ў тэлевізары.


— Ці няма ў вас засцярогі ў сувязі з тым, што вы станеце проста нецікавымі, калі сітуацыя ў краіне зменіцца?

— Праўда, мастак павінен быць галодным. І мне нават падабаецца, што ў Беларусі шмат чаго нельга. Напрыклад, чытаць пра саветызацыю Заходняй Беларусі ў часопісе Arche, які накрылі.

Мне як творчаму чалавеку патрэбна падпітка і я яе атрымліваю напоўніцу ў гэтых умовах. Я цікаўлюся пэўнай тэмай, знаходжу інфармацыю пра яе і намагаюся данесці яе да людзей. Канечне, хацелася б наадварот — каб проста песні пісаліся не пад натхненнем ад забароненай і непажаданай тэматыкі, а па пакліканню душы. Але магчыма тады бы атрымаліся зусім іншыя песні.

Мяркую, калі ў Беларусі ўсё зменіцца, зменімся і мы. Будзем пець проста вясёлыя і лірычныя песні пра кветкі, сонейка і добрае жыццё — чаму не?

 

Здымак з архіву “Твайго стыля”