З 1 лютага за электраэнергію і газ будзем плаціць па-новаму

|

Размовы пра тое, што існуючую сістэму аплаты за электрычнасць і газ трэба змяняць, ішлі яшчэ з восені, былі нават зроблены грамадскія абмеркаванні. І вось зараз стала вядома, што аплачваць з лютага частку паслуг ЖКГ беларусы будуць па-новаму.

 

Згодна з пастановай, усталёўваецца трохступенчатая сістэма тарыфаў у залежнасці ад аб’ёмаў спажывання электраэнергіі і газу.

 

Тыя, хто пражывае ў дамах, абсталяваных электрычнымі плітамі, пры штомесячным спажыванні да 250 кВт/г  будуць плаціць па старых коштах. Калі  выкарыстаць да 400 кВт/г, то да кошту аднаго кілавата будзе прымяняцца каэфіцыент 1,3 (каля 356 рублёў за кілават). Калі ж больш за 400 кВт/г у месяц, тады аплата будзе лічыцца па тарыфах, што забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат. А гэта самы высокі тарыф – 841,7 рубля.

 

Што тычыцца тых, у каго газавыя пліты, то яны павінны ўкласціся ў 150 кВт/г у месяц. Тарыф тады – па 323 рублі за кілават, ад 150 да 300 кВт/г – па тых жа тарыфах плюс каэфіцыент 1,3 (каля 420 рублёў), а калі выдаткуюць больш за 300 кВт/ч, то тут пачынае дзейнічаць ужо поўны тарыф.

 

Таксама ў пастанове агаворваецца тое, што калі ў кватэры ці доме не ўсталяваны прыборы індывідуальнага ўліку расходу электраэнергіі, то з 1 ліпеня 2013 такія грамадзяне будуць аплочваць па поўных тарыфах і за электраэнергію, і за газ.

 

Што ж тычыцца аплаты за паслугі газазабеспячэння, то, згодна з пастановай, з грамадзян, якія пражываюць у жылых дамах (кватэрах), абсталяваных індывідуальнымі газавымі ацяпляльнымі прыборамі і прыборамі індывідуальнага ўліку расходу газу, аплата будзе спаганяцца штомесяц у залежнасці ад гадавых аб’ёмаў яго спажывання, якія вылічваюцца нарастаючым вынікам штогод з 1 студзеня.

 

Так, пры спажыванні да 3 тыс.куб.м прадугледжана аплата па цэнах, устаноўленых заканадаўствам. Пры спажыванні ад 3 тыс. да 5,5 тыс.куб.м уключна – па ўстаноўленых цэнах з прымяненнем павышальнага каэфіцыента 1,3, але не большая за цану, якая забяспечвае поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат. У выпадку, калі гадавое спажыванне газу перавышае 5,5 тыс.куб.м, грамадзяне павінны будуць аплачваць па цэнах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат.

 

Усе гэтыя новыя тарыфы не распаўсюджваецца на ільготныя катэгорыі грамадзян. Гэта шматдзетныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем’і, дзе адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам I ці II групы, а таксама ў якіх адзін з бацькоў у поўнай сям’і з’яўляецца інвалідам I групы, а другі ажыццяўляе дагляд за ім і атрымлівае дапамогу, няпоўныя сем’і, якія выхоўваюць дзіця-інваліда.

 

Здымак gorad.by