Праз мяжу без візы: партрэт нелегала

|

Пра асаблівасці памежнай службы наша карэспандэнтка размаўляла таксама з іншымі гарадзенскімі памежнікамі. Гэтак, па словах лейтэнанта Яўгена Гукасяна, нягледзячы на выкарыстанне сучасных тэхналогій і абсталявання для аховы дзяржаўнай мяжы, галоўным элементам працы памежнікаў дагэтуль застаюцца памежныя заставы і асабовы склад, які нясе на іх службу ды патрулюе мяжу.

 

Афіцэр пагаджаецца, што хаця чалавечы фактар і застаецца асноўным у працы памежнікаў, без дасягненняў тэхнікі эфектыўна сачыць за мяжой немагчыма. Вельмі дапамагае сістэма сігналізацыі, якая працуе на падставе паказанняў сеткі сейсмадатчыкаў, размешчаных у пэўных кропках. Гэтае вельмі адчувальнае абсталяванне дазваляе дыстанцыйна вызначыць рух у непасрэднай блізкасці ад мяжы, вылічыць накірунак, адлегласць, хуткасць руху ды тып аб’екту – чалавек, аўтамабіль, ці група людзей.

 

Паводле  начальніка заставы “Бяляны” капітана Дзяніса Бахара, тыповы парушальнік мяжы – чалавек сярэдніх гадоў, які пакінуў радзіму ў пошуках лепшага жыцця, працаўладкавання або палітычнага прытулку. Апошняе тычыцца грамадзян краін з неспрыяльным сацыяльна-палітычным становішчам.

 

“Часцей за ўсё, гэта грамадзяне Грузіі ці Чачэнскай рэспублікі, – распавядае капітан Бахар. – Нярэдка незаконна фарсіруюць мяжу на гарадзенскім участку прадстаўнікі далёкіх азіяцкіх краін: В’етнама, Кітая, Інданэзіі. Здараюцца нелегалы з Ірану ды Турцыі”. Усе яны імкнуцца патрапіць у сумежныя з Беларуссю Літву ды Польшчу і з’ехаць адтуль далей у Заходнюю Еўропу.

 

Улетку мінулага году на ўчастку Гродзенскай памежнай групы была затрыманая незвычайна вялікая група парушальнікаў, якая налічвала ажно 36 чалавек.

 

Мяжа ахоўваецца і днём і ноччу, калі затрымліваюць найбольш нелегалаў

 

Па словах нашага суразмоўцы, фіксуюцца толькі адзінкавыя выпадкі затрымання пры незаконным перасячэнні мяжы грамадзян Беларусі і Расіі. Рэдкая з’ява таксама – нелегальнае перасячэнне мяжы ў напрамку Беларусі.

 

Калі такія парушальнікі здараюцца, то звычайна гэта людзі без дакументаў, якім не ўдалося “зачапіцца” на Захадзе і яны імкнуцца вярнуцца дадому. “Здараюцца сярод іх і тыя, хто ўцякае ад пераследу праваахоўных органаў заходніх краін”, – адзначае капітан Бахар.

 

Усе нашыя суразмоўцы падкрэсліваюць, што эфектыўная ахова дзяржаўнай мяжы немажлівая без супрацы з памежнікамі па другім яе баку. Таму гарадзенскія памежнікі рэгулярна абменьваюцца досведам і ладзяць сумесныя аперацыі па затрыманні нелегалаў з літоўскімі і польскімі калегамі.

 

Здымкі аўтара