Выйшла з друку кніга Сяргея Чыгрына пра беларускага мастака
Антон Карніцкі жыў у Слоніме ў 1930-х- пачатку 1940-х гадоў. Але лёс яму адмераў усяго 32 гады, ён памёр у пачатку 1944 года. Антон Карніцкі быў вельмі таленавітым чалавекам, шчырым беларусам. Вучыўся ў Наваградку, потым у Варшаве. Падчас Другой сусветнай вайны 180 яго твораў вывезлі немцы.
Звестак пра жыццёвы і творчы шлях Антона Карніцкага захавалася вельмі мала. Але Сяргей Чыгрын здолеў адшукаць па крупінцы яго некаторыя творы, невядомыя раней факты з біяграфіі.
Кніга “”Мастак Антон Карніцкі” складаецца з трох раздзелаў. Першы раздзел прысвечаны беларускім мастакам, якія жылі ў Слоніме падчас нямецкай акупацыі (1941-1944). У другі раздзел увайшло інтэрв’ю аўтара кнігі з Сяргеем Новікам-Пеюном, які ведаў Карніцкага. Інтэрв’ю было зроблена 20 гадоў таму і нідзе не друкавалася. У трэцім раздзеле Сяргей Чыгрын цікава распавядае пра творчасць мастака, пра яго жыццёвы шлях.
У кнізе змешчана шмат рэдкіх фотаздымкаў, а таксама рэпрадукцый яго адшуканых карцін.
Кніга Сяргея Чыгрына вяртае з небыцця яшчэ адно імя слыннага і таленавітага беларуса, які любіў сваю Бацькаўшчыну і мастацтва.