У гісторыі Гродна стала менш “белых плям”

Віктар Саяпін – аўтар вельмі пладавіты. У 2012 годзе ён выдаў сем кніг прысвечаных гісторыі Гродна, у 2011 – пяць. Як ён сам  зазаначае, “няма тых тэм па гісторыі Гродна, якія б мяне не цікавілі ці не захаплялі. На ўсё проста не хапае часу”.

 

Былы намеснік Гродзенскай рэгіянальнай мытні, а зараз вядомы краязнаўца, не перастае рэгулярна радаваць гарадзенцаў  сваімі цікавымі гістарычнымі працамі. Не сталі выключэннем і новыя кнігі, што выйшлі ў сэрыі HronoГродно выдавецтва “ЮрСаПрынт”.

 

 

Першая з іх закранае мала даследаваную раней тэму – міжваенны перыяд. Аўтар даследуе гісторыю нашага горада на старонках газет 1913-1934 гадоў. Чым жыў і дыхаў горад,  што  турбавала тагачасных жыхароў Гродна, што важнага і запамінальнага адбывалася. Аб усім гэтым Віктар Саяпін паспрабаваў расказаць у сваёй кнізе.

 

“Менавіта  гэты невялікі прамежак часу быў вельмі спрыяльны ў развіцці нашага горада – быў збудаваны мост пра Нёман, адкрыўся краязнаўчы музэй, працавалі ажно тры тэатры”, – кажа аўтар.

 

Газеты таго часу адкрываюць для нас паўсядзённае жыццё: балі, з’езды грамадскіх аб’яднанняў і гурткоў, тэатральныя навіны. Колькасці СМІ, што выходзіла тады, сённяшнія гарадзенцы могуць толькі зайздросціць.

 

“Працы над кнігай было шмат, – дадае Віктар Саяпін, – прыйшлося  шчыльна папрацаваць у беларускіх і польскіх архівах, падняць усе падшыўкі газет, што выдаваліся тады не толькі ў Гродне, але і ў Беластоку ды Варшаве. А гэта вялікая колькасць інфармацыі”.

 

 

Другая кніга ““Гродзенскія касцёлы. Пасляваенная гісторыя. Дакументы і фотаздымкі” павінна была выйсці яшчэ два месяцы таму, аднак затрымалася з-за таго, што друкаваць яе вырашылі афсетным спосабам у Мінску. Пасля вызвалення Гродна ад фашыстаў, улады правялі інвентарызацыю ўсіх гарадзенскіх каталіцкіх храмаў на прыдатнасць да правядзення набажэнстваў.

 

“Улетку 2012 года я выпадкова знайшоў спісы маёмасці Назарэтанскага касцёла, Гарнізоннага касцёла (Фары Вітаўта). Колькі яшчэ цікавага ляжыць у нашых архівах. Гэта ж сапраўдныя скарбы!” – кажа Віктар Саяпін.

 

Дзякуючы выданню гэта кнігі, усе цікаўныя могуць азнаёміцца з унікальнымі  дакументамі. Тым больш, на 120 старонках месціцца больш за 90 фотаздымкаў, многія з якіх публікуюцца ўпершыню.

 

 

Пасля прэзентацыі кожны жадаючы мог асабіста пагутарыць з аўтарам кніг, выказаць свае пажаданні, атрымаць аўтограф. Да Віктара Саяпіна выстраілася цэлая чарга.

 

Гаворачы пра свае творчыя планы, краязнаўца  адзначыў: “Ёсць яшчэ цэлы пласт дакументаў і тэм, якія патрабуюць шчыльнага вывучэння”.

 

Гісторыя жаночага манастыра, спартовыя гісторыя горада, гісторыя мясцовых піўных – вось некаторыя тэмы, над якім зараз працуе Віктар Саяпін.

 

Здымкі Яна Лялевіча