Удзельнікі “Універсітэту Залатога Веку” сабралі рэчы для людзей у патрэбе
Мэта першай сёлетняй акцыі – сабраць вопратку і абутак для найменьш абароненых катэгорый людзей.
Удзельнік акцыі, Юльян Парэмскі:
– Намаганнямі навучэнцаў “Універсітэта Залатога Веку” сабрана шмат вельмі добрых рэчаў.
Мы іх разабралі па катэгорыях: мужчынскія, жаночыя, дзіцячыя, і сёння развязем па сацыяльных установах.
Перададзім вопратку ў Дом начнога знаходжання для людзей без пэўнага месца жыхарства, інтэрнат для дзяцей-інвалідаў па зроку, дом-інтэрнат інвалідаў у Мураванцы, санпрапускнік.
Марыя Станіславіч, старшыня Рады “УЗВ”:
–Ідэя акцыі ўзнікла яшчэ 2 гады таму ў навучэнцаў папярэдніх набораў “УЗВ”.
Летась такім чынам мы дапамаглі некалькім шматдзетным сем’ям, Цэнтру дзённага знаходжання маладых інвалідаў, адвозілі вопратку ў Санпрапускнік.
Праз тыдзень стартуе наступная акцыя “Школы добрых спраў” – збор кніг.
Удзельнікі “Універсітэта Залатога Веку” збяруць літаратуру для бібліятэкі Дома ветэрнаў, дзіцячыя кнігі і кнігі для Цэнтра дзённага прабывання маладых інвалідаў.
У бліжэйшы час распачнецца акцыя па зборы пакаёвых кветак для сацыяльных установаў Гродна.
Месяц таму слухачы “Універсітэта Залатога Веку” сабралі і перадалі сродкі прытулку для бадзялых жывёл.
Здымкі Яна Лялевіча