Akute: “Усе вельмі любяць беларускую мову ў нашых песнях”
Ці магчыма зарабляць у Беларусі музыкай добрыя грошы?
Зарабляць магчыма, але вельмі сціпла, на наш погляд. Можна падтрымліваць групу ў добрым стане ў сэнсе фінансаў, але жыць з гэтага пакуль што не атрымліваецца.
Ці даюць якія-небудзь перавагі тыя ўзнагароды, што група атрымлівала ў апошні час?
Усе ўзнагароды – гэта вынік мазгавой дзейнасці саміх арганізатараў гэтых узнагарод. Наша частка дзейнасці ў гэтым працэсе заканчваецца з моманту выпуску песень. Але калі выбіраюць, значыць камусьці гэта трэба. Мы, праўда, ўдзячныя за ўвагу да нашай творчасці.
Беларускамоўныя песні не абмяжоўваюць аўдыторыю прыхільнікаў?
Шчыра кажучы, мы не сустракалі праблем. А тым больш – непрыняцця па моўнай прыкмеце нашай творчасці ні ў Беларусі, ні за яе межамі. Наадварот, усе вельмі любяць беларускую мову ў нашых песнях, і ўжо, тым больш, яе любім мы.
Чаму менавіта Гродна? Быццам бы планавалася, што канцэртаў больш не будзе?
Справа ў тым, што мы не плануем сольных выступаў у Мінску. Не вельмі хочацца адную і тую ж праграму там паказваць, хаця прапановаў хапае. Таму ў сталіцыі бываем з кароткімі выступамі 2-3 разы ў месяц.
Ну, а ўсе астатнія гарады пры першай магчымасці з вялікім задавальненнем наведваем. Паколькі ў Гродне мы ўпершыню, сыграем лепшае з двух альбомаў і некалькі новых песень, якія вось толькі пачалі запісваць. Увогуле, плануем выкласціся па максімуме.
Гурт Akute зайграе ў Гродне сёння, 10 лютага, на пляцоўцы “ОфицерOFF”. Госцем канцэрта будзе гарадзенскі праект “Прощай, привычка” (экс-“Любимая вредная привычка”).