Мітынг “афганцаў” прайшоў на Курчатава
Апоўдні на вуліцы Курчатава, каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам сабралася некалькі соцен чалавек. Вайскоўцы, школьнікі, працоўныя з “Азота” ды “Хімвалакна”, прывезеныя аўтобусамі, непасрэдна ветэраны. Імжыць, лёгкі снег.
Мітынг распачаў кіраўнік гарвыканкама Барыс Казялкоў (на здымку ўскладае вянок), згадаўшы пра 9 год 1 месяц і 19 дзён той вайны, а таксама пра 72 нашых земляка з Панямоння, якія з яе не вярнуліся. Загінуўшых гарадзенцаў Казялкоў пералічыў паіменна. Пад гукі гімну шапкі здымаюць у асноўным прадстаўнікі старэйшага пакалення…
Выступіў Уладзімір Дадаеў (на здымку справа), старшыня ветэранскай арганізацыі “афганцаў”. У сваёй прамове ён не забыў успомніць, што ягоны саюз з’яўляецца “актыўным правадніком палітыкі прэзідэнта…”. Паэт і ўдзельнік канфлікта Анатоль Федарышын (на здымку злева) зачытаў свой верш “Засада”, пасля чаго пад мелодыю “От героев былых времен…” адбылося ўскладанне лампадак.
Хвіліна маўчання. Кветкі ад родных загінуўшых. Кветкі ад прадстаўнікоў розных радоў войск. Закрыццё. Сумесныя фота, абдымкі ветэранаў, смех…
Што значыць дата 15 лютага для саміх “афганцаў”? З гэтым пытаннем мы звярнуліся непасрэдна да ўдзельніка канфлікта:
align=”left” alt=”Мітынг афганцаў, Аляксандр Нужненка” >- Гэта была школа мужнасці і выжывання для нас усіх, – расказвае Аляксандр Нужненка, прапаршчык, – …шмат хлопцаў нашых там загінула. Не хацелася б гэтага, канешне, але школа тая была патрэбная, каб нашае пакаленне байцоў прайшло гартаванне.
– Калі разабрацца, тая вайна больш акт гераізму ці трагедыя, на ваш погляд?
– Гэта вялікая трагедыя, калі казаць аб колькасці хлопцаў, якіх мы згубілі. Гэтых страт можна было пазбегнуць. Адсоткаў 70 было ж небаявых страт… Гэта трагедыя для нашага народа.
Як кажуць тым, хто там быў: “Мы вас туда не посылали…”. Але мы не патрабуем ніякіх ільгот сабе. Там прывыклі выжываць самі – і тут таксама выжываем самі.
– Дзяржава дае вам нейкія ільготы?
Я не ведаю… Хіба бясплатны праезд у аўтобусе (смяецца), ну і тым, хто мае раненні раз на год нешта ёсць. Нехта па льготах кватэру атрымаў, але мала такіх. Мы сябруем вось, хоць і служылі ў розны час. Падтрымліваем адзін аднаго, самі дапамагаем.
Здымкі Яна Лялевіча