“Аднаўляючы замкі ў Нясвіжы і Міры, мы прасоўваем чужыя ідэалы”
Леў Яўстафьевіч Крыштаповіч, намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта, 19 лютага ў межах праваслаўнай выставы-кірмаша ў Гродне прачытаў лекцыю на тэму “Роля нацыянальнай свядомасці ў фармаванні сучаснага грамадства”.
Асноўную масу слухачоў склалі студэнты гістфака ГрДУ. Лектар аказаўся прыхільнікам “западнорусских” ідэй, на аснове якіх і было збудаванае яго паведамленне.
Прапануем чытачам фразы, якія лейтматывам гучалі скрозь усю лекцыю (у арыгінале лектар прамаўляў па-руску):
“У мінулы “Год Кнігі” было выпушчана многа кніг, якія скрыўляюць ісціннае разуменне айчыннай гісторыі.
Яшчэ з даўніх часоў адбылася дэнацыяналізацыя нашых вышэйшых слаёў. Гонар не ўласцівы ментальным рысам беларусаў, бо беларусы выводзяцца з сялян. Радзівілы і Сапегі з’яўляюцца польска-літоўскай шляхтай. Чалавек з імем Вітаўт па вызначэнні не можа быць беларусам.
Аднаўляючы польскія замкі ў Нясвіжы і Міры, мы прасоўваем чужыя нам сімвалы і ідэалы. Адам Міцкевіч пагардліва ставіўся да беларусаў.
Некаторыя сілы ў Беларусі хочуць адценіць айчыннасць вайны 1812 года.
Я наўмысна не размаўляю па-беларуску, хоць і навучаўся ў беларускай школе, паколькі некаторыя выкарыстоўваць беларускую мову каб проціпаставіць русскому языку. Такім чынам пад выглядам беларускай мовы нам падсоўваюць чужую ментальнасць.”
Падрабязней са сваёй пазіцыяй лектар прапанаваў пазнаёміцца на старонках сваёй кнігі “Беларусь как русская святыня”.
Праслухаўшы лекцыю, студэнты без дыскусій і пытанняў рынуліся да выхаду, некаторыя сталі за аўтографам да яго кніжкі.
Неўзабаве студэнтаў у залі замянілі афіцэры сілавых структур, для каторых мела быць праведзеная бяседа на тэму “Традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці”.
Аднак чарговы лектар з Мінску не здолеў прыбыць, таму гэтую задачу даверылі таму самаму прафесару Крыштаповічу. У выступе ён паступова ізноў перайшоў да “западнорусской” тэматыкі.
Сітуацыю ў рэчышча заяўленай тэматыкі скіраваў прысутны на месцы айцец Ігар Данільчык, настаяцель Барысаглебскай царквы, які прачытаў пропаведзь пра сучасныя духоўна-ідэйныя праблемы беларускага грамадства.
Здымкі аўтара