Квіткі ў Расію падаражэюць, але толькі на 4 дні
Як паведамілі “Твайму стылю” ў даведцы чыгуначнага вакзала, Расійская чыгунка апошнія некалькі гадоў практыкуе павышэнне коштаў у перадсвяточныя і святочныя дні, калі колькасць пасажыраў павялічваецца.
Таму і даражэюць квіткі на міжнародныя цягнікі, што курсуюць у Расію.
У бліжэйшыя 4 дні пераплочваць давядзецца за паездкі на цягніках Гродна-Масква, Гродна-С.Пецярбург і Гродна-Унеча.
Плацкарта ў Маскву, напрыклад, будзе каштаваць 786 000 замест 623 820 рублёў, купэ — 1 250 220 замест 1 122 270, СВ — 2 496 470 замест 1 878 030.
Плацкарта Гродна-Унеча абыйдзецца ў 531 000 рублёў (у звычайныя дні — 403 240).
Пасажыры, якія карыстаюцца міжнароднымі цягнікамі для паездак па тэрыторыі Беларусі, не пацерпяць: плаціць даражэй давядзецца толькі тым, чый пункт прызначэння ў Расіі.
З 26 лютага кошты вернуцца на ранейшы ўзровень, але зноў падымуцца напярэдадні 8 сакавіка.