2,5 мільёна штрафу за знічкі на магіле святара
Старшыня раённага суда Сяргей Піпко палічыў Аляксандра Колышка вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу.
Месца пахавання расстралянага святара знаходзіцца ў гарадскім парку Ліды.
Там усталяваны памятны камень, да якога грамадскія актывісты раз-пораз ускладаюць кветкі.
22 студзеня некалькі чалавек таксама прынеслі на месца пахавання кс. Адама Фалькоўскага кветкі і запалілі знічкі.
Да іх адразу падыйшлі супрацоўнікі міліцыі і чалавек у цывільным з відэакамерай, якія патлумачылі, што гэта нелегальная акцыя і перапісалі прозвішчы прысутных.
Суд адбыўся 20 лютага, аднак суддзя не абвясціў прысуд з-за таго, што пры складанні пратакола затрымання, супрацоўнікі міліцыі зрабілі памылкі.
Міліцыянты патрактавалі мерапрыемства ля памятнага каменя як “сход”, а суддзя – як “мітынг”.
Матэрыялы накіравалі на дапрацоўку, і прысуд быў агучаны толькі сёння.
У 1940 годзе савецкія ўлады знеслі крыж і зруйнавалі магілу кс. Адама Фалькоўскага.
Пачынаючы з 1996 года было некалькі спробаў аднавіць крыж на магіле святара, і кожны раз крыжы знікалі праз некалькі дзён пасля ўсталявання.
Здымкі http://racyja.eu і http://spring96.org