Падарожжа па ваколіцах мястэчка G.

Кожны канцэрт Шалкевіча нязменна збірае поўную залу. Гэта, напэўна, ужо традыцыя. Гэтым разам жадаючых трапіць на канцэрт было значна больш, чым магла змясціць зала адрамантаванага тэатра. Дарэчы, месцаў у ёй пасля рэстаўрацыі будынка стала значна менш.

 

На ўваходзе мерзлі тыя, каму квіткоў не хапіла. З надзеяй пыталіся ў кожнага: “Лішняга квіточка не будзе?” Лішніх, канешне, ніхто не меў.

 

З самых першы хвілін канцэрта, неяк цалкам натуральна, усталявалася простая сяброўская атмасфера. Быццам бы і не прэзентацыя новай кнігі, а сустрэча старых дружбакоў. Да гледачоў Віктар Шалкевіч выйшаў у простай чорнай майцы і джынсах, тым самым задаўшы фармат мерапрыемства.

Памагатымі на сцэне сталі яго знаёмыя, музыкі Купалаўскага тэатра, якія задзейнічаны ў новай сумеснай пастаноўцы Мікалая Пінігіна ды Віктара Шалкевіча “Местачковае кабарэ”.

Атрымалася нешта накшталт струннага трыа: сам аўтар, тэатральны гітарыст Юрый і кантрабасіст Эрык. Віктар са сцэны зазаначыў:

 

“Я перад вамі знаходжуся таксама як актор Купалаўскага тэатра, бо працую там па дамове. Вось, калі і Купалаўскі, і наш Тэатр Лялек рамантаваліся, дык я пра сябе казаў: я актор двух рамантуемых тэатраў. Так і было”.

 

Канцэрт пачаўся некалькімі новымі песнямі. Праграма была пабудавана так, каб арганічна звязаць кнігу і канцэрт у адно, каб музыкальная частка гарманічна дапаўняла літаратурную. Ці наадварот.

 

“Час ад часу я буду чытаць нейкія цікавыя ўрыўкі з кнігі, каб вы, калі пачнеце самі чытаць, успрымалі і памяталі інтанацыю аўтара. Гэта вельмі важна”.

Першае, што было прачытана – невялікая замалёўка пра Стэфана Баторыя.

 

Кніжка, напісаная для гарадзенцаў і пра гарадзенцаў, “і шмат каго вы пазнаеце падчас нашай сустрэчы”, адкрывае свет маленькага правінцыйнага мястэчка, якое калісьці было сталіцай магутнай дзяржавы і якое мае вялікую гісторыю.

Гародня – гэта яшчэ і каралеўскі горад, адметны і ганарлівы. Са сваімі легендамі, казкамі, міфічнымі персанажамі ды сваеасаблівым духам. Падзеі, што тут адбываліся, пакінулі адбітак на сённяшнім жыцці нашага горада. Вось так, перамяжоўваючы падзеі даўно мінулых дзён і сучаснасць, прысутныя на канцэрце павольна вандравалі па мястэчку Г. і ваколіцах.

 

Гародня, пра якую спявае Шалкевіч – гэта мара, міт, гэта тое, што было і чаго, на жаль, няма.  Гэта сум па тым выбітным, шляхецкім і старым, што калісьці было тут. І тым, што застаецца, няхай і ў кавалках ды аскепках.

 

Гародня, пра якую спявае і расказвае Шалкевіч – той горад, якога быццам ужо і няма, але ён, што дзіўна, жыве і дыхае, напаўняючы нас сваёй энергетыкай і пяшчотай.

 

Гэта старыя вулкі, згубленыя недзе сярод сучаснай забудовы, старыя яўрэйскія крамы, дзе калісьці віравала жыццё і ішоў бойкі гандаль, Пагулянка, рынак, брук, анёлы на вежы Фарнага касцёла ды прыгожая незнаёмка пад парасонам на вуліцы Савецкай…

 

Слухаючы Шалкевіча, разумееш, што той Гародні, са старымі крамкамі, драўлянымі дамамі, вузкімі аркамі, крамай №5 і “Комплексбанкам” ужо няма. Нешта ўспамінаецца, нешта адбіваецца ў сэрцы. Але гэта ўжо гісторыя. Твая гісторыя.

 

Здымкі Яна Лялевіча