“Наша краіна, як Ватыкан, жыве ў XVI ст.”

|

У Ватыкане ва ўсю ідзе падрыхтоўка да хуткага канклава, які выбярэ новага Папу.

 

Навіна аб адстаўцы Папы Рымскага Бенедыкта XVI, які абвясціў, што сыйдзе 28 лютага, выклікала шок як у міжнароднай супольнасці, так і ў Беларусі. Спрэчкі не рэальных прычынах ды выніках васьмігадовага душпастырства Ёзэфа Ратцынгера не сціхаюць дагэтуль. Са сваімі пытаннямі мы звярнуліс да эксперта “ТС”.

 

Ці былі прэцэдэнты ў гісторыі каталіцкай Царквы, калі Папа падаваў у адстаўку?

 

Такі выпадак зафіксаваны толькі аднойчы – у 1415 годзе. Былі ў гісторыі і “антыпапы”, і паралельныя папы – у Авін’ёне ды ў Рыме – у XIV ст. падчас так званага “авін’ёнскага палону”.

 

У пэўным сэнсе Касцёл адначасова існуе ў некалькіх вымярэннях: у сучаснасці і ў сярэднявеччы. Бо Касцёл сфармаваўся такім, якім мы яго бачым менавіта ў тыя часы, шмат якія практыкі, незразумелыя нам сёння, паходзяць адтуль. Таму прэцэдэнты былі, для вечнасці – тут нічога новага няма.

align=”middle” alt=”Бенедыкт XVI” >


Як адбываецца сама працэдура адстаўкі?

 

Гэта адбылося публічна. У прысутнасці біскупаў ды кардыналаў Папа зачытаў адрачэнне на лаціне. Публічнасць – даніна сучаснасці, лаціна – сярэднявеччу.

 

Шмат у каго ў Еўропе ў сувязі з гэтым дадалося няўпэўненасці: эканамічны крызіс, палітычная нестабільнасць, а тут яшчэ і адстаўка Папы, чалавека, які рэпрэзентуе на зямлі вечнасць. Статус Бенедыкта XVI, дарэчы, пасля 28 лютага дагэтуль застаецца нявызначаным. Невядома і кім ён будзе пасля абрання новага Папы.

 

 

Мы ведаем па працэсах беатыфікацыі святых, што выпрацоўка Ватыканам дакумантаў часам займае стагоддзі. Тэалагічныя дакументы рыхтуюцца дзесяцігоддзямі, на гэта працуе багата людзей, спрабуючы давесці ўсё да дасканаласці. Атрымліваецца клубок пытанняў, прызначаных нават не для назіральнікаў звонку, а для тых, хто знаходзіцца ўнутру Касцёла.

 

Чаму гэта адбылося менавіта зараз: няўжо за апошнія 500 год ніхто з Папаў не меў праблем са здароўем?

 

У пэўным сэнсе гэта даніна сучаснасці. Мне падаецца, што ў дадзеным выпадку Папа не хацеў дэзарганізоўваць працу Касцёла, таму рыхтаваў чалавека, які змог бы пераняць ягоныя функцыі.

 

Ватыкан – гэта таксама бюракратычная машына, падобная да карпарацыі. Таму я лічу, што намеры былі добрыя, але вынік іх не заўжды прадказальны, нават у такіх адладжаных структурах як Ватыкан.

 

 

Якім у гісторыі застанецца Бенедыкт XVI?


Пачнем з таго, што ён успадкаеміў пасаду ад Яна Паўла ІІ, які падняў стандарты папства ды Ватыкану. Таму Бенедыкту было складана ў пэўным сэнсе. Пры Яне Паўле ІІ ён сачыў за чысцінёй дактрыны, быў увесь час побач.

 

У Касцёле адказваць за чысціню дактрыны не так проста, бо зараз існуе безліч плыняў і накірункаў, якія б у сярэднявеччы назвалі ерасямі: напрыклад, у ЗША манахіні ў некаторых кляштарах ходзяць ужо ў цывільнай вопратцы…

 

Ужо як Папа ён адзначыўся дастатковай публічнасцю. Чытаў лекцыі ва ўніверсітэце, вёў Твітэр. Усе запомнілі ягоную малітву ў мячэці – справа ўнікальная, але ў той жа час крытычныя выказванні адносна мусульман у адным з нямецкіх універсітэтаў у 2006 годзе. Там Папа працытаваў трактат аднаго з візантыйскіх імператараў XIV ст., дзе апошні казаў аб жорсткасці мусульман. Шмат хто гэта ўспрыняў як абразу.

 

 

Крокі насустрач Ізраілю рабіў яшчэ Ян Павал ІІ, а Бенедыкт зрабіў гэта сталай лініяй: малітвы за Ізраіль і г.д. Пры тым, што ёсць кардынал Вільямсан, які адмаўляе Халакост. Пасля скандальных інтэрв’ю апошняга, усе чакалі на рэакцыю Папы. Бенедыкт не сказаў нічога, што таксама пакрыўдзіла габрэяў. Але ў выніку таго, што ён прамаўчаў, скандал заціх, лічу, што гэта было мудрае рашэнне.

 

Недабразычліўцы ўвесь час казалі, што Папа хворы і вось-вось падасць у адстаўку. Тым не менш ён праслужыў на сваім пасце восем год.


Папства Яна Паўла ІІ супала з крахам камунізму, яго звязваюць дагэтуль з пэўнымі палітычнымі сітуацыямі. Бенедыкт XVI ангажаваўся ў палітыку?

 

Ватыкан не застаўся ў баку ад глабальнага эканамічнага крызісу, які працягваецца ўжо шэсць гадоў. Святы Пасад вуснамі Папы ўказаў на пэўныя скрайнасці капіталізму: адсутнасць памяркоўнасці і ўмеранасці ў патрэбах, адсутнасць стрыманасці ў здабычы прыбытку і г.д.

 

Крытыка заходняга грамадства зазвычай у нас звязваецца з агалцелымі лявацкімі пратэстоўцамі кшталту “Occupy Wall Street”, таму такая заява Папы таксама была важнай і актуальнай.



Чым для Беларусі адзначыўся перыяд кіравання Бенедыкта XVI?

 

Галоўнае: так і не адбыўся візіт Папы ў Беларусь. Тое, чаго беларусы чакалі ад Яна Паўла ІІ і працягвалі чакаць ад Бенедыкта XVI – гэтыя надзеі не спраўдзіліся.

 

Тут, канешне, не ўсё ад Папы залежыць. Візіт “добрай волі” Лукашэнкі ў Ватыкан у 2009 годзе, старанні Апостальскай сталіцы, празмерныя саступкі, як падавалася некаторым (хоць невядома, у чым гэтыя саступкі?) – усё гэта сведчыць аб тым, што Касцёл ішоў на ўсе дыпламатычныя крокі, стараўся каб такі візіт Папы адбыўся.

 

Гэта ненармальна, калі краіну, у якой каталікі складаюць істотную і заўважную групу, не наведаў Папа. Гэта нонсэнс.



Адказнасць за гэта ляжыць на беларускім баку?

 

Я лічу, што так. Калі ўвесь свет ужо даўно жыве ў постканстантынаўскую эпоху, калі справы царквы аддзеленыя ад дзяржавы, у Беларусі гэта ў негатыўным сэнсе адсутнічае. І, на жаль, гэта прыводзіць да такіх калізій.

 

Беларускі бок скарыстаўся з добрай волі Апостальскай Сталіцы, а ўзамен нічога не даў. Наша краіна, як Ватыкан, жыве ў XVI ст., але ў горшым сэнсе гэтага слова…

 

Калі ў правінцыі адбываецца нейкі сход з удзелам праваслаўных і там, не дай Божа, ёсць нехта з каталіцкага духавенства – ў гэтага ксяндза з’яўляюцца вялікія шансы быць высланым з Беларусі. Пра гэта не пішуць у СМІ, але гэтак адбываецца.

 

Гэта прыкра, бо Касцёл вымушаны адмоўчвацца пакуль, лічачы, што лепей не прыпыняць дыялогу, чым паддавацца эмоцыям і ісці на канфлікт.



Шмат хто чакаў, што Касцёл стане пасярэднікам у справе вызвалення палітвязняў, можна ўзгадаць наведванні нунцыям Гуджароці калоній ды турмаў, дзе сядзяць “палітычныя”… Чаму гэтага не адбылося?

 

Беларускаму боку быў страшэнна патрэбны пасярэднік у перамовах з Захадам. У нашым постхрысціянскім свеце маральны аўтарытэт усё адно застаецца за царквой. Калі ты гэты аўтарытэт выкарыстоўваеш – ты аўтаматычна выйграеш.

 

Беларускі бок так і хацеў “на чужым карку заехаць у рай”, але пры гэтым не ісці на саступкі, утрымліваць вязняў далей за кратамі. Нечым гэта нагадвае “дрэннага хлопчыка”, які закідвае ногі на стол ды есць нямытымі рукамі, ведаючы, што яму за гэта нічога не будзе, бо знаходзіцца пад аховай бясспрэчнага аўтарытэта.

 

Непразрыстасць перамоваў з Ватыканам – таксама выйгрыш, бо заўжды можна будзе сказаць: “Мы не пры чым” альбо “Нам не зрабілі добрую прапанову”.

 

Алесь Пагарэлы – гісторык, палітолаг, культурны антраполаг. Гарадзенец, скончыў магістратуру гістфаку БДУ, навучаўся на аспірантуры акадэміі навук у Варшаве, удзельнік шматлікіх міжнародных навуковых праектаў ды канферэнцыяў, каля 5 год пражыў у ЗША ды Польшчы.

 

Здымкі Алеся Пагарэлага: Ян Лялевіч

Здымкі Папы Бенедыкта XVI: Grzegorz Gałązka / galazka.deon.pl