Адкрылася фотавыстава “Святыні Гродзеншчыны”
На другім паверсе Дома творчасці, што знаходзіцца акурат за помнікам маршалу Сакалаўскаму, на адкрыццё выставы сабралося чалавек 10-15: святар, семінарысты, прадстаўнікі СМІ ды ўласна фотаклуба “Гродна”. Вернісаж складаўся ўсяго з 11 працаў: у асноўным выяваў гарадзенскіх цэркваў.
Адкрыццё пачалося з выступу пратаіерэя Аляксандра Велісейчыка (на фота ўнізе злева), які расказаў пра сам фестываль праваслаўных песнапенняў “Каложскі Благавест”, які пачнецца ў сераду.
Дырэктар і мастацкі кіраўнік фестываля Уладзімір Лябецкі (на фота справа) параўнаў архітэктуру з застыглай музыкай ды засцярог прысутных ад таго, каб быць “Иванами, не помнящими родства”.
У канцы вядучая, супрацоўніца Дома творчасці, дала слова Аляксандру Ласмінскаму (на першым фота), старшыні фотаклуба “Гродна”. “Народнага фотаклуба!” – абачліва выправіў жанчыну Аляксандр Іосіфавіч. Ён патлумачыў, што выстава налічвае агулам 80 прац ды ўжо паспела пабываць у Маскве. Аднак, чаму ў дадзеным выпадку выстаўлена ўсяго 11 прац, на жаль, так і не патлумачыў.
Здымкі Яна Лялевіча