Мора стала бліжэй да Ліды
З яго усё і пачалося – пасля службы ў Ціхаакіянскім флоце ён пачаў збіраць рэчы звязанныя з морам. Так, амаль за сорак год, стварылася дастаткова вялікая і ўнікальная калекцыя, якая ўжо не змяшчалася ў доме.
“Ды і родныя былі не вельмі задаволеныя, – кажа Уладзімір Каспяровіч (на здымку). – Прыйшлося шукаць выйсця. Неяк атрымалася, што хутка знайшлося памяшканне ў адной са школ горада”.
Закіпела праца. Здавалася б, адкуль у Лідзе мора і тыя маракі? Аднак, аказалася, што ветэранаў ваенна-марскога флоту тут дастаткова шмат. Нямала аказалася і тых, хто актыўна далучыўся да працы над стварэннем унікальнага музея.
Нехта зрабіў сапраўдную рэканструкцыю гарматы XVIII-XIX стагоддзяў, якая сустракае гасцей музея на ўваходзе, нехта прывез з Пінска старыя, іржавыя карабельныя часткі: люкі-ўваходы, ілюмінатары і нават вінт. Усе пачысцілі, пафарабавалі. Гэтыя рэчы, быццам новыя, сталі сапраўдным упрыгожваннем музея.
Замест вокнаў тут ілюмінатары. Паліцы зробленыя ў стылі падвесных ложкаў на ланцугах. На ўваходзе ў навучальную ўстанову ўсталявалі 35-кілаграмовы якар Хола, які стаў візітнай карткай музея.
align=”left” alt=”Марскі музей у Ліде, Морской музей в Лиде” >
“Прадумвалі літаральна кожную дробязь, каб тут было прыгожа і ўтульна”, – працягвае Уладзімір.
Пад столлю вісяць рознакаляровыя сцягі – як на караблі ў святочны дзень! Аказваецца, кожны такі сцяжок паасобку нешта значыць. Напрыклад, жоўты з чорным кругам унутры – знаходжуся на мінным полі. А ўсе разам – проста ўпрыгожванне, якое вывешваюць на святы.
“Хацелі дамовіцца, каб сцяжкі нам прывезлі з Санкт-Пецярбургу, сапраўдныя, з караблёў. Аднак потым падумалі, што памер у іх занадта вялікі. А гэтыя нам пашылі ў адной са школ, адпаведнага памеру і згодна з нашымі пажаданнямі. Сцяжкі цалкам паўтараюць сапраўдныя, розніца толькі ў памеры”.
Ужо зараз, хаця музей працуе толькі некалькі дзён, на экскурсіі стаіць чарга з жадаючых. Не дзіўна, бо паглядзець тут ёсць на што: сапраўдная форма маракоў, вымпелы, нейкае дзіўнае абсталяванне, пра якое стваральнік, канешне, усё раскажа, марскія ліхтары, фотаздымкі з баявых паходаў, асабістыя рэчы маракоў ды вадалазны рыштунак.
Ёсць тут рэчы не толькі самаго Уладзіміра Каспяровіча. На кліч стварыць марскі музей адгукнуліся шматлікія лідскія маракі, яны прынеслі свае рэчы. Уладзімір спадзяецца, што экспазіцыя будзе толькі пашырацца.
Ужо зараз ёсць чым яе папаўняць, бо тое, што выстаўлена – толькі частка таго, што ёсць у “запасніках”. Расійскія калегі паабяцалі лідскаму музею і кавалачак металу з падводнай лодкі “Курск” і сапраўдную парусную лодку, і спісаныя элементы марскіх караблёў.
Здымкі аўтаркі