Хакей: цяпер усё будзе па-сур’ёзнаму
Удзел у фінальнай стадыі турніра бяруць і дзьве каманды з Гарадзеншчыны – гарадзенскі “Нёман” і “Ліда”.
У сёлетнім рэгулярным чэмпіянаце каманды сустракаліся паміж сабой шэсць разоў (6:3, 6:2, 4:1, 5:2, 5:6, 0:2).
Як ужо пісаў “Твой стыль”, дзьве апошнія гульні, у якіх перамагла “Ліда”, выклікалі буру абмеркаванняў у спартыўных выданнях і на хакейных форумах. Так, на апошнюю сустрэчу каманд у Лідзе букмекеры ва ўсім свеце нават адмовіліся прымаць стаўкі, падазраючы, што “Нёман” будзе гуляць у “паддаўкі”, каб заняць у турнірнай табліцы рэгулярнага чэмпіянату 3-е месца і атрымаць сабе ў супернікі на першай стадыі плэй-оф менавіта “Ліду” (6-е месца ў рэгулярным чэмпіянаце), а не куды больш моцны сталічны “Юніёр”.
“Нёман” – “Ліда”: цяпер усё па-сур’ёзнаму
У выніку так яно і здарылася. У чвэрцьфінальнай серыі да трох перамог гарадзенцы згуляюць з “Лідай”. Гульні адбудуцца 1 і 2 сакавіка ў Гродне, а таксама 5 і 6 (калі спатрэбіцца) сакавіка ў Лідзе. У выпадку, калі па суме чатырох гульняў будзе нічыя 2-2, то рашаючая сустрэча адбудзецца 8 сакавіка ў Гродне.
У паўфіналах і фінале каманды будуць да чатырох перамогаў.
Рашаючая стадыя Адкрытага чэмпіянату Беларусі пачнецца на фоне бурных дыскусій пра стан і перспектывы беларускага хакею. “Пралёт” зборнай Беларусі міма Алімпіяда 2014 г. у Сочы, інфармацыя пра шалёныя (каля 400 млн. у месяц) заробкі асобных хакеістаў у беларускіх клубах, гаротны стан дзіцяча-юнацкага хакею – пра гэта адкрыта гавораць не толькі спецыялісты і заўзятары, але нават і вышэйшыя дзяржаўныя чыны нашай краіны.
Вельмі верагодна, што па сканчэнні чэмпіянату беларускі хакей чакаюць сур’ёзныя рэформы. Не выключана, што на змену Адкрытаму чэмпіянату Беларусі можа прыйсці новая міжнародная ліга, у склад якой увойдуць лепшыя каманды з Беларусі, Украіны, Літвы і Латвіі.
У іншых чвэрцьфінальных парах сустракаюцца:
“Металург” (Жлобін) (1-е месца ў рэгулярным чэмпіянаце) – “Хімік-СКА” (Наваполацк) (8-е месца);
“Гомель” (2-е месца) – “Юніёр” (Мінск) (7-е месца);
“Шахцёр” (Салігорск) (4-е месца) – “Металургс” (Ліепая, Латвія) (5-е месца).
Фота hcneman.by