Іна Соркіна: Хачу, каб мае дзеці вывучалі гісторыю Беларусі па-беларуску
Іна Соркіна:
– На гэты раз я занялася дадзенай праблемай у першую чаргу як маці двух сыноў.
Пытанне мяне хвалюе з 2008 года, калі пад пераход на рускую мову вывучэння гісторыі Беларусі трапляў мой старэйшы сын.
Цяпер і малодшы сын падрос.
Шмат гаворыцца пра нібыта выбар бацькамі мовы выкладання гэтых прадметаў. Аднак сведчу ад імя бацькоў: у нас ніхто не пытаўся. Больш за тое, на бацькоўскім сходзе нашага класа амаль усе (за выключэннем двух чалавек) выказалі жаданне, каб дзеці вывучалі гісторыю Беларусі па-беларуску.
Лічу памылковым перавод выкладання геаграфіі і гісторыі Беларусі на рускую мову, і думаю, што гэтую памылку неабходна выправіць.
Веды школьнікаў па айчыннай гісторыі не сталі ад гэтага лепшымі. А вось узровень валодання беларускай мовай значна пагоршыўся: абсалютная большасць школьнікаў не толькі не могуць размаўляць на беларускай мове, але нават і не разумеюць яе.
21 лютага, у Дзень роднай мовы, Іна Соркіна вырашыла распачаць збор подпісаў, каб пазней дадаць іх да свайго ліста ў Міністэрства адукацыі з абгрунтаваннем неабходнасці вяртання абавязковага выкладання гісторыі і геаграфіі Беларусі па-беларуску.
Гэта можна зрабіць паэтапна, па меры сканчэння пяцігадовых тэрмінаў выкарыстання падручнікаў, што дазволіць пазбегнуць дадатковых бюджэтных выдаткаў (пра вялікія памеры якіх – каля 10 млд. руб. – узгадваў намеснік міністра К.Фарыно).
Іна Соркіна:
-Напрыклад, у 2013/2014 навучальным годзе заканчваецца пяцігадовы тэрмін выкарыстання падручніка па гісторыі Беларусі для 6 класа (менавіта у гэтым класе распачынаецца школьны курс гісторыі Беларусі).
Значыць, калі з 2014/2015 увесці беларускамоўнае выкладанне гісторыі Беларусі ў 6 класе, то ніякіх дадатковых выдаткаў на гэта не спатрэбіцца.
Збор подпісаў пад зваротам у Міністэрства адукацыі наконт вяртання абавязковага выкладання гісторыі і геаграфіі Беларусі па-беларуску ідзе на рэсурсе change.org.
Пакуль зварот падтрымалі каля 200 чалавек.
Падтрымаць ініцыятыву Іны Соркінай і пакінуць свой подпіс за выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі па-беларуску можна тут.
Пра намер перавесці выкладанне гэтых прадметаў на беларускую мову ў сакавіку 2012 года паведаміў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Намеснік міністра Казімір Фарына на прэс-канферэнцыі 16 мая заявіў, што ў бліжэйшы час гэтага не будзе.
Здымак http://harodnia.com