Пачалася ўступная кампанія ў ВНУ
Зарэгістравацца на суразмову, неабходную дзеля паступлення на некаторыя спецыяльнасці, можна ад сёння да 31 сакавіка.
Універсітэт імя Янкі Купалы праводзіць суразмовы па трох групах спецыяльнасцей:
-дзяржаўнае кіраванне і права, правазнаўства, эканамічнае права;
-міжнародныя дачыненні, міжнароднае права;
-журналістыка, міжнародная журналістыка.
Суразмовы адбудуцца ў перыяд з 5 да 30 красавіка.
Тэсціраванне пройдзе з 14 да 28 чэрвеня, рэзервовы дзень – 4 ліпеня.
Рэгістрацыя на ЦТ распачнецца 2 траўня і скончыцца 1 чэрвеня.
Большасць спецыяльнасцяў з наступнага навучальнага года пераходзіць на 4-4,5 гадоў навучання, а кошт навучання ўжо з красавіка гэтага года можа павялічыцца на 8-10%.
Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч заявіў у часе прэс-канферэнцыі, што каля 30% абітурыентаў рызыкуюць не набраць прахадных балаў на цэнтралізаваным тэставанні.
Сёлета ў Беларусі павялічаныя прахадны балы на ЦТ. Для рускай/беларускай моваў цяпер гэта 10 балаў, для матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі – 15, для гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі, грамадазнаўства, геаграфіі, замежных моваў – 20 балаў.
Абітурыенты, якія атрымаюць непрахадныя балы, будуць мець магчымасць паступіць у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.
У 2012 годзе неабходны бал на ЦТ не набралі 10% абітурыентаў.