За рулём толькі жанчыны
Сесці за стырно маглі любыя кіроўцы-жанчыны, незалежна ад вопыта і стажа кіравання. Мужчыны гэтым разам выступалі толькі ў якасці штурманаў.
Арганізатары, клуб “Поўны прывад”, усяляк падкрэслівалі, што “Супер 8” – гэта не складаныя і жорсткія спаборніцтвы, а больш мерапрыемства для папулярызацыі пазадарожнага кіравання аўтамабілямі. Так склалася, што жанчын у гэтым экстрымальным відзе аўтамабільнай язды не вельмі шмат. А гэта несправядліва!
Гоншчыцы выязджаюць на старт
Таму і арганізуюцца такія заезды: каб паказаць, што жанчыны не горш кіруюць такімі вялікімі аўтамабілямі, як джыпы. Заезды становяцца ўжо добрай традыцыяй. Тут, нягледзячы на тое, што ўсе ўдзельнічаюць у адной катэгорыі, усё па-сапраўднаму. Хуткасць, адрэналін ды эмоцыі…
Арганізатары падкрэсліваюць: “Галоўнае ў гэтых спаборніцтвах – даць жанчынам магчымасць праявіць сябе ў пазадарожным кіраванні”.
Галоўнае – засяродзіць увагу. Наперадзе – дарожныя перашкоды!
Можа, менавіта такія мерапрыемствы стануць штуршком да таго, каб жанчыны больш актыўна ўдзельнічалі ў агульных спаборнцітвах.
Аб тым што, джып-спрынт карыстаецца папулярнасцю сярод жанчын кажа і той факт, што ў гэтым годзе ён сабраў у два разы больш каманд, чым у мінулым. Ажно 12 экіпажаў! Самай сталай удзельніцы спаборніцтваў было 58 год.
Траса не вельмі складаная для прафесіяналаў, аднак надта разнастайная. Праходзіць яна па перасечанай мясцовасці. Экіпажам трэба было пераадольваць розныя перашкоды: пагоркі і яры, ямы ды яшчэ заснежаныя ўчасткі, высокія кусты ды стромкія павароты. З усім гэтым прыйшлося змагацца. Месца правядзення было выбрана не проста так, бо асноўны напрамак спаборніцтваў – “трофі”, а гэты накірунак праводзіцца на перасечанай мясцовасці, дзе прысутнічае не проста дарога, але і лес, балоты ды іншыя прыродныя перашкоды.
Мужчыны віншуюць любімых і са святам, і з праспяховым фінішам
На фінішы ўдзельніц чакалі каштоўныя прызы ды ўзнагароды: медалі і дыпломы. Сярод не-ўдзельніц таксама разыгрываліся прызы. А за апошняе месца арганізатары прыгатавалі адмысловы прыз – універсальны кухонны камбайн.
Першае месца заняла (як і ў мінулым годзе) Алена Дарашкевіч.
Здымкі Вольгі Мілавай