“Чавес – фігура сусветнага маштабу”

|

На тваю думку, супраца з Чавесам была патрэбна Лукашэнку як ідэалагічны фактар ці была абумоўлена эканамічнымі чыннікамі?


Наўрадці гэта ўсё мела сталы практычны бок – акрамя ценевых схем. Ідэалагічны кампанент быў нашмат большым. Візітаў Чавеса ў Мінск з гучнымі прыёмамі і фотасесіямі было даволі шмат.

 

Ёсць знакаміты здымак, дзе абдымаюцца Чавес, Мугабэ і Лукашэнка. Гэта сімвалічны тычок у адрас Захаду: “Мы не такія, мы не падзяляем вашых каштоўнасцяў, няхай толкам і не ведаем, якія каштоўнасці ў нас саміх…”



Калі наогул пачалося супрацоўніцтва Беларусі з Венесуэлай?

 

Узаемная цікавасць бакоў намецілася яшчэ на пачатку 2000-х. У 2006 годзе адбыўся візіт Чавеса ў Мінск, у 2007-м – першы візіт Лукашэнкі ў Каракас. У далёкім ужо 2007-м Беларусь была прыціснутая да сценкі Расіяй – як заўжды па пытаннях нафты і газу. Знешняя палітыка Беларусі павінна была пераарыентоўвацца.


Што рэспубліка Балівара дае нам, а што – мы ім?

 

Венесуэла дала нам нафтавыя радовішчы, альтэрнатыўныя ад расійскіх. Канешне, нафта гэтая “залатая”, улічваючы кошт перавозак, і выгаднасць дадзенага праекту спрэчная. У дадатак там патрэбная інфраструктура, свае спецыялісты.

 

Трэба адзначыць і будаўнічыя інвестыцыі. Невядома, аднак, ці будуць там эфектыўнымі тыя ж аграгарадкі без інфраструктуры. Альбо ці змогуць беларусы дапамагчы венесуэльцам з веернымі адключэннямі электрычнасці ў гарадах…

 

Ад Венесуэлы нам наўрадці варта чакаць фруктаў ці нейкіх прадуктаў – яны самі маюць з гэтым праблемы. У венесуэльскіх крамах часта няма элементарных прадуктаў: за “чавізм” трэба плаціць.



Што наконт ценевой супрацы? Зброі?

 

Калі пастаўкі ёсць – то не прамыя, безумоўна. На тэрыторыі Венесуэлы знайшлі прытулак базы калумбійскіх тэрарыстаў з руху “Фарк”. Іх таксама трэба нечым падтрымліваць. Дакументацыі наконт аперацый са зброяй мы перад вачыма не маем – яна ўся зараз ляжыць у Нью-Йорку, дзе доўжыцца судовы працэс над Віктарам Бутам…

 

Ценевыя інтарэсы ёсць у кожнай краіны – розніца толькі ў ступені іх бруднасці.

 

Смерць Чавеса перакрэсліла шмат якія сумесныя праекты. Багата кантактаў, думаю, трэба будзе наладжваць нанова.



Чым прынцыпова адрозніваецца рэжым Чавеса ад суседніх краін?

 

Аўтарытарызмам і харызмай лідара. Ні прэзідэнт Эквадора, ні Балівіі такіх рысаў не маюць. Трэба прызнаць, што Чавес – фігура сусветнага маштабу. Ён узяўся за скалачванне антыамерыканскага блоку разам з Іранам, Зімбабвэ, тая ж Беларусь тут не першую ролю грае.

 

Дарэчы, у працэсе супрацоўніцтва з Венесуэлай наша краіна канкуравала з Расіяй, якой гэтае пытанне было таксама цікавым. Што казаць, калі віцэ-прэм’ер Сечын, правая рука кіруючай групоўкі ў РФ, асабіста курыруе стасункі з Каракасам, як і наогул з Лацінскай Амерыкай. Нафтавыя інтарэсы і зброя – на парадку дня.


align=”middle” alt=”Уга Чавес” >


…Адкуль узяўся будучы лідар Венесуэлы?

 

Чавес нарадзіўся ў штаце Барынас – гэта рэгіён, пакрыты джунглямі ды балотамі. Не самы развіты ў плане інфраструктуры, не самы палітычна-актыўны штат. Перыферыя.

 

Бацькі Чавеса – педагогі. Ягоная маці пякла піражкі, Уга іх прадаваў у дзяцінстве. У 17 год ён паступіў у вайсковую акадэмію, якую скончыў у 1975 годзе, пасля чаго ўдзельнічаў у акцыях супраць “герыльос”, якіх падтрымлівала Куба.

 

Тады Чавэс і стаў сімпатызаваць “левым” партызанам. Пазней Куба адыграла значную ролю ў станаўленні ягонага рэжыму.



Як Чавес прыйшоў у палітыку?

 

Ён чытаў шмат гістарычнай літаратуры і прышоў да высновы, што асоба з’яўляецца рухавіком гісторыі. Палітычныя цікавасці ў яго з’явіліся ў 1980-х гадах калі скончыўся нафтавы бум і пачаўся крызіс: рост беднасці, крыміналізацыя, ценевая эканоміка.

 

У 1989 годзе гэта справакавала беспарадкі ў Каракасе, у выніку якіх загінула 400 чалавек. Дагэтуль Каракас, між іншым, лічыцца адным з самых небяспечных гарадоў у свеце.

 

 

У 1992 годзе ён ужо ўдзельнічае ў вайсковым перавароце: дэсантнік, схільны да прамога дзеяння – працуе ў характэрным стылі. Пісьменнік Карлас Фуэтас назваў яго “трапічным Мусаліні”. Пераварот пацярпеў няўдачу, Чавэс апынуўся ў турме на два гады – выйшаў па амністыі. Адразу па выхадзе ён паехаў на Кубу з візітам да Кастра…

 

Чавес далучыўся да руху “5-й рэспублікі” і ў 1998 годзе цалкам легальна прыйшоў да ўлады – праз выбары.


Што ён робіць, заняўшы прэзідэнцкі пост?

 

У 1999 Чавес змяняе канстытуцыю ў бок пашырэння паўнамоцтваў прэзідэнта, пасля робіць судовую ўладу дадаткам да выканаўчай і г.д. Не будзем забывацца, што прыходу Чавеса да ўлады папярднічала 40 год дэмакратыі, якія распачаў прэзідэнт Рамула Бэтанкур, які прыйшоў да ўлады ў 1958 годзе. Таму ў Венесуэле былі дэмакратычныя традыцыі – Чавес меў з гэтым лічыцца.

 

У 2002 годзе Чавес фактычна здаў уладу ў выніку народных забурэнняў. Аднак тады яго падтрымала войска: ад куляў снайпераў з дахаў дамоў вакол прэзідэнцкага палацу загінула 19 чалавек… Чавес вяртаецца.



Што рэальна дапамагло яму ўтрымлівацца?

 

Пачаўся новы нафтавы бум, ад якога багата хто выіграў – у тым ліку Расія. Не будзем забывацца і на дапамогу Кубы. Кубінцы адчувалі сваю “місію” ў рэгіёне, таму заўжды прыходзілі на дапамогу. Гавана забяспечыла Чавеса настаўнікамі, трэнерамі, спецыялістамі, урачамі.

 

Трэцім фактарам, як не парадаксальна, з’явіўся прэзідэнт Джордж Буш. Няхай чавесаўскае супрацьстаянне Амерыцы – гэта хутчэй шуканне ворага, якое б апраўдвала ягоныя дзеянні. Прынцыповая палітыка Буша тут была для яго падарункам!

 

Паходжанне з “мецісаў”, перэферыйнасць ды амбіцыі безумоўна сыгралі сваю ролю. На працягу ўсёй кар’еры Чавес пазіцыянаваў сябе як “льянэро” – чалавека з вуліцы, які разумее клопаты простых людзей.



Чаго чакаць ад Венесуэлы зараз?

 

Венесуэльская канстытуцыя дае толькі 30 дзён на выбары прэзідэнта па яго смерці. Прыхільнікам “чавізма” зараз трэба ўтрымаць разам тую стракатую масу, якая называецца “Аб’яднаны венесуэльскі сацыялістычны рух”.

 

Як гэта зрабіць?.. Нават калі яны зноўку перамогуць – адбудзецца рэканфігурацыя ўсіх структур, бо сістэма была завязаная на АДНЫМ чалавеку.

 

Апазіцыя існуе: Энрыкэ Капрылес прайграў выбары Чавэсу ў кастрычніку 2012 г. Апазіцыя там не маргіналізаваная, як у нас – Капрылес, напрыклад, губернатар аднаго з ключавых штатаў – штата Міранда. Яшчэ два губернатары з 23-х – таксама апазіцыянеры.

 

Невядома, што будзе з той жа Кубай без венесуэльскіх паставак нафты ў выпадку змен. Адсутнасць Чавеса адаб’ецца і на Балівіі, і на “Фарк”, на ўсіх лацінаамерыканскіх краінах, якія яго калісці падтрымлівалі.

 

Вельмі шмат дамоваў пры аўтарытарнай сістэме праўлення маюць нефармальны характар. Калі здараецца нешта падобнае – усё “падвісае”. Дарэчы, Чавэс збіраўся кіраваць да 2030 года. Не атрымалася…

Алесь Пагарэлы – гісторык, палітолаг, культурны антраполаг. Гарадзенец, скончыў магістратуру гістфаку БДУ, навучаўся на аспірантуры акадэміі навук у Варшаве, удзельнік шматлікіх міжнародных навуковых праектаў ды канферэнцыяў, каля 5 год пражыў у ЗША ды Польшчы.

 

 

Здымкі Reuters, news.yahoo.com, РИА Новости