Адпачынак і шопінг: “Інтакс” адкрывае аўтобусны маршрут Гродна-Аўгустоў
Маршрут запланаваны як турыстычны.
Трохбаковая дамова з польскімі і літоўскімі партнёрамі ўжо падпісаная.
Цяпер “Інтакс” чакае толькі рашэння Міністэрства транспарту і камунікацый.
Аўгустоўская пушча – улюбёнае месца адпачынку турыстаў з усёй Еўропы, усё часцей сюды едуць расіяне.
Усіх прыцягвае прыгажосць краю (сотні цудоўных азёр і лес) і выдатная турыстычная інфраструктура з вялікай колькасцю прапаноў для адпачынку на любы густ.
Шмат магчымасцяў для адпачынку і ў Друскеніках: акрамя добра вядомага аквапарку, цяпер цягам усяго года даступны і лыжны адпачынак.
Для беларусаў важным складнікам адпачынку ў Польшчы і Літве застаецца магчымасць шопінгу.
Паводле прадстаўнікоў “Інтаксу”, гандлёвыя плошчы і выбар тавару ў Сувалках не саступаюць беластоцкім, а кошты ніжэйшыя.
150-кіламетровы маршрут праз Літву і Польшчу плануецца як штодзённы, з выездам з Гродна раніцай і вяртаннем познім вечарам, але ўсё будзе залежыць ад колькасці пасажыраў.
У “Інтаксе” упэўненыя, што ахвотных будзе шмат.
Сярод перавагаў – маршрут пракладзены праз літоўскую, а не праз польскую мяжу, таму не давядзецца стаяць у чэргах.
Кошты на квіткі таксама абяцаюць даступныя.
У першы час паездка ў Аўгустоў будзе каштаваць не больш за паездку ў Беласток, які знаходзіцца на 50 км бліжэй.
Здымак http://oteli-yuga.ru