Зноў Масленіца. З Новым годам!

|

Па традыцыі, Масленіцу святкуюць толькі сем дзён за восем тыдняў да Вялікадня. Можна сказаць, што гэта першае вясновае свята, якое лагічна завяршае зіму і ўслаўляе прыход сонца ды цяпла.

 

Масленіца – паганскае свята. Год у славян-язычнікаў пачынаўся непасрэдна з пачаткам вясны, таму масленічны тыдзень – гэта заканчэнне старога і пачатак новага году. А як новы год святкаваць? Только весела, шумна і доўга!

 

Ва ўяўленнях старажытных людзей вакол, на прасторы, жылі розныя духі, якім трэба было пакланяцца і ўсяляк выказваць дзеяннямі сваё добрае стаўленне. І, канешне, верылі, што добрыя духі ў гэты час, калі зімовы холад саступае месца першай вясновай цеплыні, дапамагаюць гэтае цяпло прывабіць.

 

Катаемся на лаўках

 

Па вечарах на масленічным тыдні беларусы не працавалі, а ўдзень дзеці і дарослыя лічылі проста сваім абавязкам пакатацца з горкі. На саначках, на ледзяшах, што высякалі з ракі, нават на скамейках, што заранёў аблівалі вадоў ці проста на дошках.

У масленічныя дні аб’язджалі маладых каней, якія дасягнулі трохгадовага ўзросту. Упрыгожвалі іх рознакаляровымі стужкамі, званочкамі ды бубенчыкамі. А яшчэ абнаўлялі сані. Для гэтага новыя сані зацягвалі на высокую горку, на ніх садзілася 20-25 чалавек і стрымгалоў ляцелі ўсёй гурбой уніз. Кажуць, што толькі так абноўленыя сані будуць потым лёгкія на хаду.

 

На масленічны тыдзень багата было розных гульняў – разнастайных, вясёлых ды шумных. Па вуліцах хадзілі ражаныя, спяваючы адмысловыя песні:

 

У нас сягоння Масленіца,

Прыляцела ластавіца,

Села-пела на жэрдачку,

Шчабятала вестачку.

 

 

Былі і не вельмі бяскрыўдныя гульні-жарты. У першыя дні Масленкі мясцовыя зацейнікі, сустракаючы на вуліцы хлопцаў, якія доўга не жаніліся ці дзяўчат, бацькі якіх занадта перабіралі сватоў, прывязвалі ім да ног калодкі-абрубак дрэва. Рабілася гэта ў наказанне за такі “грэх”.

 

Ці тая ж кампанія спявала пад вокнамі такіх маладзёнаў розныя песні-дражнілкі. За гэта “віноўнікі” павінны былі адкупіцца пачастункамі ці грашыма.

 

Гушкаемся на арэлях

 

На Масленіцу ў многіх мясцовасцях вешалі арэлі, прывязаўшы да дрэва доўгую вяроўку. Казалі: чым вышэй узляціш на арэлях – тым даўжэйшы будзе лён.

Сапраўды, моладзь нават праводзіла паміж сабою спаборніцтвы – хто вышэй раскачаецца.

 

У такіх на першы погляд, простых і нават наіўных дзеяннях няма сэнсу. Аднак, гэта не так. Тут можна ўбачыць рэлікты старажытнай магіі, парэшткі якой дайшлі да нашага часу.

 

Напрыклад, калі аб’язджалі маладых коней, імкнуліся праехацца вакол вёскі. Лічылася, што звон бубенчыкаў і званочкаў адганяе нячыстую сілу, а вось гучнымі песнямі, смехам і “гіканнем” тыя, хто ехаў на санях, паказвалі сваё добрае стаўленне да духаў, што неслі вясну.

 

Яе чакалі і ўсяляк прыманьвалі. Масленічныя абрады – гэта менавіта тое, чым залагоджвалі бостваў беларусы.

 

Пячем бліны, частуем сваякоў

 

Масленка асацыюецца ў нас, сучасных людзей з блінамі. Гэта не дзіўна. Бліны – галоўныя  атрыбуты гэтага свята. Рабілі іх ва ўсе дні масленічнага тыдня.

Аднак абрадавымі стравамі лічыліся таксама масла, тварог ды сыр. Таму ў тыдня ёсць яшчэ адна назва – сырны. Яна паходзіць ад таго, што ў канцы лютага – пачатку сакавіка каровы паспявалі ўжо ацяліцца. Тадыў сялянскіх гаспадарках было багата малака, прадукты з якога былі галоўнымі на стале.

 

Пяклі і пірагі. Напрыклад, было прынята наведваць сваіх “павівальных бабак”, якім, па традыцыі, прыносілі вялікія пірагі з рознай начынкай.

 

У нядзелю з абеда паўсюдна рабілі провады Масленіцы – наладжвалі застоллі, дзе збіралася не толькі ўся сям’я, але і сваякі, суседзі ды аднавяскоўцы. Стол перад пастом быў надзвычай багаты. Павячэраўшы, прасілі прабачэння і кланяліся адзін аднаму. Лічылася, што ў гэты дзень – апошні перад Вялікім пастом, што цягнецца сем тыдняў, варта сталавацца сем разоў.

А на вуліцы з заходам сонца спальвалі на вогнішчы пудзіла, як увасабленне марознага часу. Яшчэ спальвалі старыя зламаныя рэчы, спадзяючыся на перамены ў жыцці. Карацей, рабілі добрае вогнішча на радасць дзецям і дарослым.

 

На здымках: святкаванне Масленіцы ў Гродна і ваколіцах. Здымкі з архіву “Твайго стылю”