У Гродне прэзентавалі польскія мандалы

|

Незвычайная тэхніка выканання малюнкаў здзіўляе і прываблівае. Пабачыўшы дзіўныя разнакаляровыя малюнкі з разводамі, здзівілася: што гэта? Няўжо сапраўды мастацтва? Вось і мастацтвазнаўца Ала Матук кажа:

 

“Карціны Кшыштафа ўспрымаюцца па-рознаму, часта кажуць – гэта не мастацтва, нешта незразумелае. Аднак гэтыя мандалы патрабуюць часу, каб раскрыцца кожнаму чалавеку па-свойму. Кожны бачыць у іх нешта ўласнае, свой унутраны свет, сябе сапраўднага. Калі разумееш гэта – адарвацца немагчыма. Пачынаеш углядацца і бачыш нейкія сюжэты, постаці, нешта сваё”.

 

 

Мандала – адзін з асноўных будысцкіх сакральных сімвалаў, які адлюстроўвае мадэль светабудовы, галоўныя элементы Космасу. Стварэнне мандалы, а потым яе знішчэнне з’яўляецца адным  з відаў медытацыі, які мае важнае і рэлігійнае значэнне.

 

Будысцкая мандала гэта гарманічнае злучэнне круга і квадрата: круг сімвалізуе неба ды бясконцасць, а квадрат увасабляе сферу, якая непасрэдна звязаная з чалавекам ды зямлёй. Існуе вельмі шмат розных відаў мандал. Гэта і ачышчальныя, і тыя, што дапамагаюць нечага дасягнуць у жыццці, і з іншымі значэннямі, якія патрэбныя ў пэўны момант пэўнаму чалавеку.

 

Карціны Кшыштафа Лазьнага зроблены незвычайным чынам. Гэта не праца пэндзлем і фарбамі, якую мы прызвычаіліся бачыць і ўяўляць, калі гаворка ідзе аб мастацкіх працах.

 

 

Кшыштаф (на здымку вышэй) па адукацыі – фізык, мае дыплом магістра ў вобласці ядзернай фізікі. Яго непасрэдная праца ў гэтай сферы, яго веды акурат і дапамаглі яму ў вынаходніцтве сваёй аўтарскай тэхнікі выкананя гэтых цікавых і незывачайных прац.

 

Заключаецца яна ў тым, што пры дапамозе магніта і розных гатункаў фарб на паперы, тканіне, картоне мастак робіць свае карціны. Паверхні спецыяльна апрацоўваюцца і падрыхтоўваюцца для таго, каб атрымаліся розныя, часам вельмі незвычайныя эффекты. На практыцы гэта выглядае як лёд, кветкі, постаці, намаляваныя ўзімку марозам на вокнах. Некаторыя манадалы трэба разглядаць пад лупай.

 

 

“Гледзячы праз лупу, можна ўбачыць тыя фрагменты, тыя формы, якія не бачны для няўзброенага вока. Усё таму, што мы глядзім вачыма і розумам. Дробных дэталяў не бачна на адлегласці, але яны ёсць. Гэтыя дэталі, няхай і нябачныя, ўсё-роўна ўплываюць на нашыя пачуцці, эмоцыі і на тое, якімі мы сябе адчуваем у пэўны дадзены момант”, – кажа аўтар.

 

 

На выставе прысутнічалі прадстаўнікі мэрыі горада Хорашч, дзе Кшыштаф Лазьны жыве і працуе, прадстаўнікі падляшскага ваяводства, а таксама консульства Польшчы ў нашым горадзе.

 

Шмат казалі пра добрасуседства і пра тое, што ў нашым памежжы жыве і творыць вельмі шмат таленавітых мастакоў і скульптараў. Вельмі добра, калі жыхары суседніх краін маюць магчымасць пазнаёміцца с тымі традыцыямі ды тэндэнцыямі, у русле якіх працуюць сучасныя мастакі ў суседніх краінах.

 

 

На заканчэнні прэзентацыі Кшыштаф падпісаў усім ахвотным спецыяльна раздрукаваныя копіі сваіх карцін, а таксама паразмаўляў з кожным цікаўным, апавядаючы і пра тэхніку, і пра творчыя планы, і пра тое, што нягледзячы на буддыйскія карані сваіх мандал, сам ён каталік. Вось такое сумяшчэнне культур.

 

 

Здымкі Яна Лялевіча