Высокая мода дайшла да Гродна

| Без катэгорыі

Яно ўключала ў сябе і выставу выяваў модных строяў у вітрынах універмага, і лекцыю па гісторыі моды нашага рэгіёна, а скончылася моднымі паказамі, якія адбыліся ў Моладзёвым цэнтры “Гродна”.

 

“Нарэшце і да нашага горада дайшла высокая мода”, падумала я, назіраючы як сярод запоўненых публікай радоў крэслаў дэфіліравалі дзяўчыны ды хлопцы. Калекцыі змяняліся адна за адной. “Распуцін”, “Поры года”, “Рэтра”…

У паказе прымалі ўдзел тэатры моды ўсіх ВНУ нашага горада, а таксама прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці і каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва ды філіяла мадэльнага агенства “Студыя моды Сяргея Нагорнага”.

 

Усяго гэты паказ сабраў больш за 70 мадэляў. У перапынках дзяўчыны на абцасах, з фэнтэзійнымі фрызурамі гойсалі туды-сюды сярод гледачоў.

Калекцыі вопраткі, разам са студэнтамі навучальных устаноў, прадставілі швейныя  прадпрыемствы нашага горада.

 

Аб тым, як удалося сабраць у адной залі столькі ўдзельнікаў, я спытала ў арганізатараў.

 

“Вы не паверыце, мы проста аб’язджалі прадпрыемствы, прапаноўваючы прыняць удзел у  у гэтым паказе. Хтосьці згадзіўся, хтосьці не, да кагосьці мы  проста  не трапілі – не хапіла часу ды людскіх рэсурсаў. Даедзем у наступны раз.”

Паказ пачаўся з аўтарскага прадстаўлення моды часоў Антонія Тызенгаўза. Гістарычную калекцыю распрацавалі і адшылі ў каледжы лёгкай прамысловасці. Гэта, канешне, не сапраўдная рэканструкцыя, але толькі сваесаблівы позірк на сілуэты жаночых строяў 250-гадовай даўніны.

Гэтыя строі былі спецыяльна зроблены для тыдня моды. Гарадзенскія прадпрыемствы паказалі свае навінкі на сезон вясна-лета. Напрыклад, “Элод” прапануе гарадзенкам калекцыі ў марской тэматыцы. Чырвона-бела-сіняя гама, шырокія льняныя штаны, цяльняшкі ды белыя летнія пінжакі адсылаюць да падарожжаў, сонечных дзён ды добарга надвор’я.

Фірма “Yuvita” паказала новую калекцыю ў дзелавым стылі, а таксама вечаровыя сукенкі. Беларуска-італьянскае сумеснае прадпрыемства “Дынама Праграм” прадставіла дастаткова вялікую калекцыю спартовага адзення.

 

Разам з паказам вопраткі, гледачы маглі ўбачыць і калекцыі фрызур. Былі тут і паўсядзённыя, і вечаровыя, і вясельныя, зробленыя і рукамі навучэнцаў каледжа бытавога абслугоўвання, і прафесійнымі цырульнікамі. Апошніх, на вялікі жаль арганізатараў,  было вельмі мала – субота самы запатрабавальны дзень у цырульнях.

 

Аднак у поўнай меры можна было ацаніць усю разнастайнасць прычосак – ад рэтра да авангарда.

Як бы дзіўна гэта не гучала, але ў нашым горадзе няма спецыяльнага памяшкання, каб праводзіць такія паказы. Няма нармальнага подыюма, няма прыстасаваных грымёрак. Можа таму горад так доўга чакаў паўнавартаснага свята моды?

 

Парадаксальная сітуацыя – выстаўляць ёсць што, але няма дзе.

Сапраўды, вельмі ўразілі калекцыі маладых дызайнераў і дызайнерак з каледжаў ды гарадзенскага ўніверсітэта. Некаторыя з іх маюць нават дыпломы прэстыжных конкурсаў ды фестываляў мод. Амаль усе – удзельнікі і намінанты “Мельніцы моды”.

 

Некаторыя мадэлі вопраткі – хоць зараз у масавую вытворчасць. І, здаецца, яны будуць карыстацца попытам. Прынамсі, падчас паказаў у мяне ўзнікала жаданне вось тут зараз набыць нешта з прадстаўленных калецый.

 

Аднак працэс – ад стварэння індывідуальнага эскіза да таго, каб гэтая мадэль стала адшывацца на прадпрыемстве – вельмі цяжкі і складаны. Не заўсёды тое, што прыдумана і нават увасоблена ў жыццё ў выглядзе модных калекцый, даходзіць да пакупнікоў.

 

Менавіта такія мерапрыемствы, на думку арганізатараў, павінны папулярызаваць і актывізаваць дзейнасць у галіне моды ў нас, на мясцовым узроўні. Прынамсі, як гэта адбываецца на сапраўдных Fashion Weeks, дзе сустракаюцца мадэльеры і кіраўнікі вялікіх прадпрыемстваў, дзе заключаюцца дагаворы, дзе ў рэшце рэшт сустракаюцца пакупнікі ды прадаўцы.

Можа, дзякуючы такім паказам некалі сфармуецца сваеасаблівая гарадзенская мода. А пакуль удзельнікі і араганізатары ўжо плануюць наступныя паказы на сезон восень-зіма і мараць аб спецыялізваным памяшканні, дзе можна будзе праводзіць модныя паказы на больш прафесійным узроўні.


 

Здымкі Яна Лялевіча