Незвычайны Чырвоны Каптурык і рамансы ў выкананні Алега Жугжды
Гісторыя Чырвонага Каптурыка мае ўдзячны для інтэрпрэтацый фальклёрны сюжэт, які спарадзіў мноства варыяцый у розныя часы і ў розных народаў.
Гэты сюжэт і падказаў тэматыку лялечнага капустніка, які гарадзенцы ўбачаць у 19 .00 21 сакавіка.
Сакрэты верагодных і неверагодных інтэрпрэтацый сюжэта пакуль не раскрываюцца, але вядома, што адзін з фрагментаў казкі выканае “казачы хор”.
У вечарыне раманса 27 сакавіка возьмуць удзел не толькі акторы, але і іншыя супрацоўнікі тэатра лялек.
Як распавяла літаратурны рэдактар тэатра Марына Блажыеўская, тут працуюць вельмі творчыя людзі, некаторыя з іх звычайна не выходзяць на сцэну, але прадэманструюць свае таленты на вечарыне да Міжнароднага дня тэатра.
Гарадзенцаў чакаюць класічныя рамансы на вершы Пушкіна, рамансы з рэпертуару Вярцінскага і з сучасных кінафільмаў.
Усе нумары рыхтуюцца як тэатральныя – з удзелам лялек і спецыяльнымі дэкарацыямі.
Некалькі рамансаў, а дакладней, тэатральных замалёвак, выканае сам галоўны рэжысёр тэатра Алег Жугжда.