Чаму гарадзенцам не цікава?

|

Аднак зала на другім паверсе Новага замку сабрала трохі больш за 10 чалавек. Людзі проста не прыйшлі (на здымку вышэй – нешматлікія слухачы).

 

Можна спісаць на спецыфічнасць тэмы, на дрэннае надвор’е – тады быў моцны вецер, можна прыдумаць яшчэ шмат розных прычын.

 

Праз два дні на прэзентацыю фільма “Лабатамія” рэжысёра Юрыя Хашчавацкага прыйшоў таксама нейкі дзясятак чалавек, калі не лічыць сябраў ці прыхільнікаў партыі АГП. Надвор’е было добрае, час зручны, нядзеля на двары. Няўжо сустрэча  з вядомым беларускім рэжысёрам цікава толькі дзесятку чалавек? Напэўна, не.

 

Нешматлікія госці сустрэчы з Юрыям Хашчавацкім і Анатолем Лябедзькам

 

Дык чаму на розныя культурныя мерапрыемства прыходзіць так мала чалавек? Чаму разгубленыя арганізатары, якія быццам бы і зрабілі ўсё магчымае – рэкламу развесілі, далі абвесткі, запрасілі журналістаў – але вымушаныя прапанаваць прысутным пачакаць яшчэ трохі ў надзеі, што нехта яшчэ прыйдзе.

 

Гарадзенцам проста не цікава?

 

Адзін мой знаёмы кажа, што зараз за наведвальніка, нават калі ты робіш нейкую імпрэзу на валанцёрскіх пачатках, трэба змагацца. Сучасныя людзі лянівыя. Каб выйсці на мерапрыемства павінна быць матывацыя. А значыць – нешта надзвычай цікавае. Нават культавае. Ці рэжысёр Юры Хашчавацкі не цікавы для гарадзенцаў?

 

Ладна, з Хашчавацкім можна зразумець – палітычна афарбаваная сустрэча, трэба сто разоў падумаць ці трэба ісці на яе. Хаця што крамольнага ў паказе фільма? Плюс не вельмі ўдалая рэклама мерапрыемства. Вось і вынік такі.

 

Той самы знаёмы кажа, што ва ўсім вінаваты інтэрнэт – нашмат лягчэй сядзець дома, чым кудысьці пайсці. Сапраўды, інтэрнэт і сацыяльныя сеткі замянілі нам частку жыцця. Гэтая частка праходзіць цяпер у віртуальнай прасторы, часцяком падмяняючы тое реальнае і сапраўднае.

 

Але з іншага боку.

 

Мы, гарадзенцы, любім казаць: нічога ў горадзе не адбываецца. Балота, правінцыя… Дык вось жа яно, адбываецца! Нехта нешта робіць. Прыходзьце – пацікаўцеся. Хаця б для агульнага развіцця. Не. Нікога няма.

 

Што гэта? Усеагульная млявасць і абыякавасць да жыцця? Можа гэта доўгая зіма? Авітаміноз? Дык што? Чаму з трохсоттысячнага горада нават на раскручаныя імпрэзы ходзіць максімум 100 чалавек, а вось на нешта больш лакальнае і 20-ці не набярэцца?

 

Культурнае асяроддзе – гэта штосьці, да чаго нельга дакрануцца, але менш важным ад гэтага яно не робіцца. Яно стварае атмасферу горада. Еўрапейскія гарады прывабліваюць нас менавіта сваёй атмасферай.

 

Ці ёсць яна ў нас? Хіба ёсць. Але, здаецца, мы пачынаем забываць, што ствараем яе мы самі. Лянота, накладзеная на асаблівы шлях развіцця краіны, напэўна, і дае тую карціну, што мы бачым сёння ў гарадах, як наш.

 

Да таго, які ўжо год запар паралельна развіваецца культура масавых гулянняў,  да якой прывучаюць ды прымушаюць. Тое, што нехта нешта робіць проста так, у свядомасці гараджан пачынае не ўкладвацца.

 

– На гэтую лекцыю нікога не прымушалі прыходзіць?  – спытала ў мяне знаёмая студэнтка.

– Не, гэта была ўласная ініцыятыва.

– Дзіўна, а тады навошта яны гэта робяць?

 

Сапраўды, дзіўна. Дзіўнае пытанне.

 

Горад павінен развівацца не толькі ў матэрыяльным сэнсе, але яшчэ і ў духоўным. Першае без другога існаваць не можа. І наадварот.

 

Агульнае развіццё ўключае ў сябе розныя бакі нашага жыцця. Рэлігія, палітыка, грамадства… Культурнае асяроддзе – гэта вельмі важна. І толькі ад нас залежыць, якім будзе наш горад, што будуць бачыць турысты, прыязджаючы да нас, ці будзе тут сваеасаблівая атмасфера, якая будзе адразу адчувацца, пра якую будуць казаць, з-за якой  будуць сюды вяртацца.

 

Для гэтага нам, гарадзенцам, павінна быць цікава. Хаця б трошачку…

 

Здымкі Яна Лялевіча з архіву “Твайго стылю”