Справы даўно мiнулых дзён
Абласная пракуратура ўзяла справу на асабісты кантроль і прымусіла праваахоўныя органы падысці да яго расследавання з ўсёй адказнасцю, паведамляе “Радыя Рацыя”.
Шэраг грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, якія зарэгістраваны па адрасе Будзёнага 48а, атрымалі запыт з міліцыі, у якім старэйшы дазнаўца капітан Каламейцаў прапанаваў адказаць на пытанні, звязаныя з ілжывым мінаваннем.
У той дзень сябры руху “За волю” праводзілі ўстаноўчы сход арганізацыі, які быў сарвана супрацоўнікамі КДБ і міліцыі. Прадстаўнікі праваахоўных органаў спрабавалі знайсці бомбу, бо, па іх словах – паводле тэлефоннага паведамлення, будынак быў замінаваны.
Капітан Каламейцаў просіць паведаміць аб мерапрыемствах, якія праводзіліся 20 траўня 2007 года, і падаць спіс людзей, якія прымалі ў іх удзел, хоць сам лічыць, што справа гэта бесперспектыўная. 20 траўня 2007 года супрацоўнікі КДБ і праваахоўных органаў сарвалі не толькі ўстаноўчы збор руху “За волю”, але і прыём іспытаў дзяцей польскага паходжання ў вышэйшыя навучальныя ўстановы суседняй краіны, арганізаваныя грамадскім аб’яднаннем “Польска мацеж школьна” і Генеральным консулам Польшчы ў Гродна.
Здарэнне выклікала скандал у дыпламатычных колах і польскай прэсе, але беларускія ўлады ніяк не адрэагавалі.