Істэрыя па Максу Каржу: за некалькі дзён гарадзенцы скупілі 500 квіткоў!

|

Акурат за месяц да падзеі, 19 сакавіка, УКантакце з’явілася суполка “МАКС КОРЖ/ ГРОДНА/”, дзе праз афіцыйных распаўсюднікаў магчыма было набыць квіткі. Пачатковы кошт – 100 тысяч рублёў.

 

Аднак жадаючых аказалася зашмат. У апошнія два дні квіткі мелі прадавацца з 19.00 ля экрана на Савецкай плошчы. Самыя танныя – 500 квіткоў па 100 тысяч рублёў – разышліся за адзін дзень, хаця арганізатары разлічвалі прадаваць іх цэлы тыдзень. Тыя, хто прыходзіў акурат да 19.00 маглі вяртацца дадому – квіткі з цяжкасцю даставаліся нават тым, хто на ўсялякі выпадак прыйшоў заняць чаргу ў 14.00!

 

Зразумела, што ў гэты час з’явіліся і перакупшчыкі. У той жа суполцы яны прапаноўвалі квіткі за 115 – 250 тысячаў. Людзі згаджаліся, дамаўляліся і куплялі. “Ты не разумееш, трапіць на канцэрт Макса Каржа – гэта мая мара! Я любыя грошы аддам!” – казала мне знаёмая-студэнтка. “Куплю 1 квіток за 50 тысяч, калі ласка”, – напісаў у суполцы хлопчык, якому па аватарцы не дасі болей за 13 год.

У другі дзень продажу, пятніцу 22 сакавіка, афіцыйны кошт павысіўся да 150 тысяч, а таксама было ўведзена абмежаванне на колькасць квіткоў у адныя рукі. Арганізатары раілі не набываць квіткі ў перакупшчыкаў, а тэлефанаваць па нумарах на афішцы. На жаль, датэлефанавацца па гэтых нумарах амаль немагчыма.

 

Учора ўвечары пад экранам на Савецкай зноў была масакра. Ацаніць адданасць гарадзенскіх фанатаў можна на відэа ніжэй. “Мне чуть ребра не выдавили!” – пісалі сёння некаторыя гарадзенскія прыхільнікі Макса Каржа Укантакце.

Фанаты Каржа кінуліся бегчы, калі даведалі, што квіткі прадаюцца з другога боку будынку.


Як паведамляюць арганізатары канцэрта, у суботу і нядзелю білеты будуць прадавацца за Палацам Тэкстыльшчыкаў у 15.00 і 19.00. Яны раяць прыйсці праз пару дзён, калі спадзе ажыатаж, ды абяцаюць, што квіткоў хопіць усім.

 

Здымак 015.by