Як лавілі Каліноўскага? Частка 2

Ранняй восенню, 16 верасня 1863 года распачынаецца так званая справа “секретного стола” аб затрыманні доктара Кайнеўскага, доктара Хамовіча і доктара Заблоцкага. Тры затрыманыя асобы – тры зашыфраваныя лісты, якія захаваліся да нашых дзён…

 

Акурат 16 верасня быў праведзены ператрус у доктара права Хамовіча, сам ён быў дапытаны. У паліцыі быў загад даведацца, ці з’яўляецца ён паўстанцкім камісарам Гродзенскай губерні, пасля тэрмінова выслаць у Вільню.

 

У хуткім часе следчыя выявілі, што Хамовіч зусім не Хамовіч, а Канстанцін Кайноўскі (Хайноўскі), які быў ніяк не звязаны з рэвалюцыйный арганізацыяй ды інсургентамі. Заўважым, што прозвішча “Хамовіч” сапраўды было пэўны час паўстанцкім псэўда Кастуся Каліноўскага.

 

Можна меркаваць, што следчыя бралі ў распрацоўку ўсіх людзей, якія былі знешне ці прозвішчам падобныя да Каліноўскага. У дадзеным выпадку шэраговы грамадзянін трапіў пад хвалю рэпрэсій. Звестак аб тым, што “Хамовіч-Кайноўскі-Хайноўскі” далей праходзіў па крымінальнай справе за ўдзел у паўстанні не выяўлена, магчыма ён быў адпушчаны.

 

Допыт паўстанца

 

Адначасова з ператрусам у Хамовіча, паліцыя актыўна шукае Эразма Заблоцкага. Паводле следчай камісіі, ён павінен быў ведаць, хто з’яўляецца паўстанцкім камісарам па Гродзенскай губерні. Праз два дні, 27 верасня, Заблоцкі быў арыштаваны.

 

У час ператрусу следчыя знайшлі ўсяго толькі …забароненыя кнігі. Сярод іх – “Замечания по сочинению о неотъемленных истинах польского народа”, якая, паводле справы, з’яўлялася “предосудительною”.

 

Амаль праз месяц, 22 кастрычніка, віленская следчая камісія загадвае гродзенскаму губернатару выслаць двух Каліноўскіх:

 

В бытность в Вильно Вы объяснили, что в Гродно содержатся под орестом уже двое Калиновских. Главный начальник края приказал отнестись к Вам и просить: выслать в Вильно, порознь, под строгим надзором, обоих арестованных в Гродно Калиновских, для распоряжения: не окажется ли кто из них тем, который нужен по делам этой комиссии. Следственная комиссия … обязывается присовокупить, что Калиновские, если их здесь непризнают, немедленно будут к Вам возвращены”.

 

Гэтымі двума “псеўда-каліноўскімі” і былі доктар Эразм Заблоцкі (сапраўдны кіраўнік Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі) ды малавядомы нам Канстанцін Хамовіч альбо Кайноўскі (Хайноўскі).

 

Паўстанцы ў вязніцы

 

25 кастрычніка 1863 года пачынаецца працэс перасылкі затрыманых у Вільню. Кожнага падазраванага ў Вільню суправаджаў жандар, які пры сабе меў адмысловы білет:

 

Представителю сего рядовому Гродненской жандарм-команды Ивану Зеленцову следовавшему из г. Гродно в г. Вильно для сопровождения политического арестанта, благоволять как военные так и гражданские начальства во время следования его туда и обратно не делать никаких припятствий и в случае надобности оказывать ему законное содействие. В чём за подписом моим и приложением казенной печати удостоверяется. Знізу подпіс алоўкам: “Хайновский”.

 

Ужо 28 кастрычніка, пасля допытаў, Канстанціна Кайноўскага (Хайноўскага) этапуюць назад у Гродна. Следчым ён ужо не цікавы. Хутчэй за ўсё Хайноўскі – выпадкавая ахвяра, якая не мела дачынення да рэвалюцыйнай арганізацыі. Але хто ведае дакладна? Магчыма, архіўны пыл яшчэ хавае факты аб лёсе выпадковай ахвяры альбо таленавітага канспіратара “Хамовіча-Кайноўскага-Хайноўскага”…

 

Пакуль дапытваюць Заблоцкага, у справе ўсплывае яшчэ адзін фігурант – студэнт Санкт-Пецербурскага ўніверсітэта Станіслаў Аржэшка. Ён, нібыта, з’яўляўся кур’ерам лістоў у рэвалюцыйнай арганізацыі. Следчыя даведаліся аб гэтым падчас допыта Заблоцкага. Можна меркаваць, што пры Заблоцкім былі знойдзены лісты, перададзеныя яму Аржэшкам, альбо напісаныя ім.

 

Гарадзенскі астрог часоў паўстання, малюнак Напалеона Орды

 

16 лістапада гродзенскія следчыя патрабуюць даставіць яго на следства. Цікава, што Аржэшка быў затрыманы яшчэ ў жніўні 1863 года. Ён быў арыштаваны ў Бельску і дастаўлены ў Беласток. 23 жніўня студэнт быў адпраўлены ў Гродна і часова змешчаны ў Гродзенскім астрозе. А 24 жніўня быў адасланы пад канвоем жандарма Каляды ў Вільню, дзе і ўтрымліваўся.

 

Знойдзеныя пры ім лісты давалі следчым падставы меркаваць, што Аржэшка з’яўляецца пасярэднікам паміж Каліноўскім і “невядомым” камісарам Гродзенскай губерніі:

 

“Упомянутый молодой человек, получавший при отправлении в Гродно письмо от Калиновского, адресованное из исключительного отдела на Литве Коммисару Гродненской губернии для доставление чрез доктора Заблоцкого – есть студент Санкт-Пецербуржского университета Станислав Оржешко”.

 

Студэнт захварэў і быў пераведзены ў віленскі вайсковы шпіталь св. Якава. Пасля папраўкі хлопца планавалі адаслаць са зваротам у астрог – на следства. Далейшы лёс студэнта Аржэшкі невядомы.

 

Высілкі следчых не мелі вялікага плёну і часам нагадвалі істэрыю – асабліва калі справа тычылася затрыманняў падобных да Каліноўскага асоб. Лідар паўстання ў Літве і Беларусі мроіўся паліцыі за кожным кустом пры дарозе на Вільню, у кожным цёмным завулку старога Гродна…

 

Нягледзячы нават на тое, што быў затрыманы Эразм Заблоцкі – кіраўнік Гродзенскай Рэвалюцыйнай Арганізацыі, пра што следства ад яго так і не дазналася, сапраўдны Канстанцін Каліноўскі надалей заставаўся на свабодзе і працягваў каардынаваць дзеянні падполля.

 

16 лістапада з Бельску паведамілі, што Кайноўскага там “не обнаружено”. 28 лістапада з Ваўкавыска паведамілі, што там няма …Хамовіча. З 18 па 24 студзеня з Сакулкі таксама рапартуюць, што ні Каліноўскага, ні Хамовіча там не выяўлена. Добра відаць, што следчыя нават не ведалі, хто ім насамрэч патрэбен: Хамовіч? Кайноўскі? Хайноўскі? Каліноўскі?..

 

Гэтыя факты яшчэ раз падмацоўваюць даўно вядомыя высновы, што Канстанцін Каліноўскі з’яўляўся цудоўным канспіратарам. …Схоплены праз здраду паплечніка сапраўдны Каліноўскі будзе толькі  28 студзеня 1864 года ў Вільні ў святаянскіх мурах (ад назвы касцёла св. Яна), хаваючыся пад імём Ігната Вітажэнца.

 

На першым і апошнім малюнку: ілюстрацыя Васіля Шаранговіча да п’есы Караткевіча “Кастусь Каліноўскі’