Гарадзенцы напісалі “Лісты з-пад шыбеніцы”

|

У гэтым годзе яна была прысвечана асобе Кастуся Каліноўскага і 150-й гадавіне вызвольнага Паўстання 1863 года. Таму зусім невыпадкова быў абраны тэкст другога ліста з “Лістоў з-пад шыбеніцы” Каліноўскага.

 

З году ў год дыктоўка  збірае вельмі шмат людзей: і гэты раз не стаў выключэннем. Зала была запоўнена цалкам. Прыйшло столькі людзей, што некаторым пісаць дыктоўку прыйшлося стоячы. Аднак  гэта не асабліва засмучвала прысутных.

“Азірніцеся па баках, – прывітаў гарадзенцаў адзін з арганізатараў імпрэзы Павел Мажэйка. – Што было б, калі б нам дазволілі стадыён “Нёман”? Запоўнілі б яго? Сапраўды, вельмі цешыць, што з кожным годам нас, прынамсі, не становіцца менш”.

 

Стадыён, канешне, не дазволілі. Арганізатары – Таварыства беларускай школы і кніжная серыя “Гарадзенская бібліятэка” – неаднаразова звярталіся з такой просьбай да ўладаў. Аднак, памяшканняў не знаходзілася. Мала таго, кажуць, што ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы папярэдзілі студэнтаў, каб тыя не хадзілі на дыктоўку!

Гарадзенская Дыктоўка – гэта не школьнае, усім знаёмае мерапрыемства з адзнакамі. Памылкі тут ніхто не правярае, а напісаны тэкст становіцца добрым напамінам аб удзеле ў дыктоўцы.

 

“Калі-небудзь буду паказваць унукам сваю творчасць”, – смяецца дзяўчына, што сядзіць побач, старанна выводзячы асадкай тэкст.

“Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, но не жаль згінуць за тваю праўду”, – нясецца над залай. “Лісты з-пад Шыбеніцы” чытае прафесар Аляксей Пяткевіч.

На жаль, Алесь Белакоз, які павінен быў  зачытваць тэкст дыктоўкі, па стане свайго здароў’я прыехаць у Гродна не змог. Арганізатары, для падтрымкі вядомага беларускага настаўніка, хуценька арганізавалі агульны фотаздымак з адмысловымі магніцікамі, што раздаваліся прысутным. Ды паабяцалі, што перададуць фотаздымак і шчырыя прывітанні ад удзельнікаў.

Гарадзенская Дыктоўка – гэта ў першую чаргу салідарнасць. Гэта магчымасць убачыць адзін аднаго, пачуць родную мову і зрабіць нешта разам, адчуць падтрымку іншых.

Удзельнікі дыктоўкі атрымалі ў якасці падарунку адну з кніг “Гарадзенскай бібліятэкі”, гістарычны раман “ГАЛС”. На месцы можна было атрымаць подпіс аўтара.

 

Агульнанацыянальную дыктоўку пішуць у Гродне шосты год запар. Яна праводзіцца перад Днём Волі, таму што самая першая прайшла з нагоды 90-й гадавіны БНР.

 

“А памятаеш, маленькае памяшканне ў першы раз усіх не змясціла? І каб напісаць дыктоўку прыходзілася часткамі заходзіць”, – дзеляцца адзін з адным “бывалыя” ўдзельнікі.

У гэтым годзе дыктоўка сабрала, зноў жа, як заўсёды, зусім розных людзей – ад старэйшага ўзросту да самых маленькіх дзетак, што і пісаць яшчэ не ўмеюць. Свае “Лісты з-пад шыбеніцы” яны “напісалі” у выглядзе малюнкаў.

Для ўдзельнікаў дыктоўкі быў падрыхтаваны салодкі пачастунак

 

Пасля  дыктоўкі прайшла прэзентацыя новай кнігай з серыі “Гарадзенская бібліятэка” – “Зоська Верас. Я помню ўсё”.  Гэта першае і пакуль адзінае выданне эпісталярнай спадчыны Зоські Верас. У кнізе надрукаваны ўспаміны Зоські Верас (Людвікі Сівіцкай; 1892-1991), яе прыватная карэспандэнцыя ды фотаздымкі.

 

Здымкі Яна Лялевіча