Як мы святкавалі Дзень Волі

На жаль, у апошнія гады ў нашым горадзе такое мерапрыемства не праводзіцца. Ці то час стаў іншы, ці імпэту стала меней. Але факт застаецца фактам: масавыя шэсці на Дзень Волі ў нашым горадзе – гэта ўжо гісторыя.

 

Вадзім Саранчукоў, старшыня гарадской арганізацыі Партыі БНФ:

 

Добра памятаю шэсце, тады яшчэ невялікае, у 1999 годзе. Тады мы прайшліся па Савецкай са сцягамі добрай сяброўская кампаніяй.

 

Самым шматлюдным, напэўна, было шэсце ў 2000 годзе.  Да дня Волі і сцягі вешалі на шматпавярховікі. Вось дзе быў адрэналін!

 

Для мяне Дзень Волі – гэта, канешне, свята. Безумоўна, свята. А яшчэ напаміны з маладосці, з часу, калі здавалася, што вось-вось нешта будзе, людзі абудзяцца і ўсё зменіцца. А на наступны год выйдзе яшчэ больш народу. І вось такой вялікай грамадою, без перашкод мы пройдземся па вясновым горадзе. На жаль, гэтага не адбылося і не адбываецца зараз. Можа калі-небудзь…

 

Андрэй Мялешка, журналіст:

 

Я пачаў удзельнічаць у святкаванні Дня Волі недзе ў 1993 годзе. Тады я , 18-ці гадовы, прыйшоў у БНФ, які тады быў яшчэ на Савецкай. Тады быў час аднаўлення розных нацыянальных святаў. Гэта была вельмі заўважная хваля, усё віравала ад новых ідэй, мараў ды спадзяванняў. Сапраўдны ўздым!

 

Дарэчы, першы значак з “Пагоняй” я набыў у Вільні ў 1989. Прэзентацыя кніжкі “Кронан” стала для мяне адпраўной кропкай, калі я прыйшоў у беларушчыну. Потым, пасля перапынку ў грамадскай дзейнасці я пачаў актыўнічаць у працы ўніверсітэцкай суполкі “Маладой Грамады”. Там мы таксама адзначалі Дзень Волі. Аднак гэта былі не вулічныя шэсці, а хутчэй нейкія культурніцкія мерапрыемства.

 

Потым, у 1997-98 гадах мы выйшлі на вуліцы. Дарэчы, пасля адной з самых масавай акцый на Дзень Волі, у гурта “Кальян” з’явілася песня “Мы выйшлі пад чорным сцягам (Гародня, 23 сакавіка)”. Яна ўвайшла ў альбом “У краіне цудаў”, які з’явіўся ў 1997. У 1999-2001 былі поўнавартасныя вулічныя акцыі, калі мы перакрывалі рух на вуліцы, калі на Савецкую выходзілі “касманаўты”, калі гэтыя шэсці збіралі вельмі шмат народу.

 

Акурат пасля таго шэсця быў нейкі ўздым, нейкая надзея. Шкада, што ў апошнія гады гэтае свята ў нашым горадзе так шырока не адзначаецца.

 

Максім Губарэвіч, грамадскі актывіст:

 

Дзень Волі для мяне гэта адрэналін і вясновае паветра. Гэта дзень, які я праводзіў на вуліцы, заўсёды.

 

Пачынаючы з 2000-ых стаў ездзіць на акцыі ў Мінск. Кожны раз здавалася,калі прыходзіла так шмат народу, што наступным разам мы абавязкова пераможым.

 

Сутычкі з міліцыяй, шэсце па вуліцах Мінска… Памятаю, як аднойчы ссадзілі з цягніка, вярнуўся дахаты, каб раніцай зноў паспрабаваць трапіць у Мінск. Таму імкнуўся даехаць да сталіцы так, каб не трапіць у пастку. Вельмі шмат разоў атрмылівалася. На жаль, масавыя акцыі-святкаванні зараз ужо не праводзяцца. Таму імкнуся гэты дзень неяк правесці з сябрамі.

 

Віктар Сазонаў, праваабаронца:

 

Дзень Волі для мяне – самае беларускае свята. У любога народа павінна быць такая дата, дзень яго волі, яго незалежнасці. Гэта свята не толькі надзеі на тое, што наша краіна, наш народ будзе вольным, але і свята, якое надае ўпэўненасць, што так і будзе.

 

Я памятаю, як прыехаў у Гродна пасля службы ў тады яшчэ савецкім войску ў 1984 годзе і праз колькі гадоў пачуў, што тут збіраюцца нейкія людзі, дзейнічаюць гістарычныя гурткі.

 

Я пазнаёміўся з такімі людзьмі як, напрыклад, Зміцер Кісель, у якога бацькі пацярпелі ад савецкай улады. За сваю беларускасць яны былі рэпрэсаваная.

 

Паціху я знаёміўся з гарадзенцамі, што трымаюцца беларускіх каштоўнасцяў, і з тых часой мы пачалі збірацца на розныя беларускія святы, адзначаць розныя беларускія даты, ездзіць на могілкі нашых герояў, ездзіць да жывых класікаў, такіх, як, напрыклад, Алесь Белакоз.

Так усё пачыналася. І сярод падзей і дат, што мы адзначалі, Дзень Волі – гэта была тая асноўная дата, да якой рыхтаваліся, якую заўсёды адзначалі. Кожны год – па-рознаму.

 

Пасля, калі мы набывалі усё больш упэўненасці , калі Савецкі саюз пачаў хістацца і развальвацца, людзі пачалі выходзіць на вуліцы. Менавіта тады гэтае свята стала масавым. Упэўнены, што і самым улюблёным у Гародні і па ўсёй Беларусі.

 

Тады мы масава выходзілі на адзначэнне ўгодкаў Чарнобыльскай трагедыі, але гэта больш сумнае свята, гэта папярэджанне нашай нацыі, каб мы трымаліся, каб былі пільныя. Гэтая  наша пільнасць і сёння праяўляецца, калі будуюць АЭС.

 

Але свята 25 сакавіка – сонечны і светлы дзень. Мы збіралі усё больш людзей, праз гэта свята людзі даведваліся пра нашую сапраўдную гісторыю, пра нашы сімвалы, чулі нашую мову, стараліся на ёй гаварыць.

 

Сённяшні перыяд нам таксама патрэбны. Можа для таго, каб не скідваць віну на нейкіх акупантаў, а рабіць сваю нацыю моцнай і магутнай. І тады нам ніхто не зможа перашкодзіць.

 

Здымкі з профіля Віктара Сазонава на Facebook