Гарадзенскі слесар падарожнічае па свеце не выходзячы з дому

|

“За мяжу я выязджаў яшчэ ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады, яшчэ ў савецкі час, я ездзіў у Румынію і Балгарыю па турпуцёўцы. Але з таго падарожжа я квіткоў не прывёз. Мы ехалі да Кішынёва на цягніку, а затым – на аўтобусе, і я тады не думаў аб сваім збіральніцтве.

 

А пачатак маёй калекцыі паклаў выпадак: на гарышчы знайшоў некалькі старых білетаў і менавіта яны і паклалі пачатак маёй калекцыі. Потым сябры і знаёмыя даведаліся аб маім хобі і сталі мне прыносіць квіткі і талоны.”

Самы стары з квіткоў, які ўжо стаў як-бы візітнай карткай калекцыі, гэта воінскі білет у адзін канец. Па гэтым квітку салдат вяртаўся дадому з вайны ў 1945 годзе. Яго Аляксандру Самасюку прынеслі знаёмыя калекцыянеры ў гарадзенскі клуб калекцыянераў, куды ён ходзіць кожную нядзелю.

 

Ёсць унікальны білет па маршруце Ленінград-Кузніца (праз Гродна) пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэта цяпер Кузніца маленькая прыдарожная станцыя ў Польшчы, а раней да яе існаваў адмысловы маршрут.

“Самы, можна сказаць, дзіўны білет, гэта асобны квіток на сабаку, па якім мае знаёмыя перавозілі свайго чацвераногага сябра з Расіі ў Мінск. І вось да прыкладу – асобны квіток для курашчых. Цяпер ужо такіх квіткоў няма.”

 

У асобнай тэчцы ў яго сабраны квіткі, па якіх многія гарадзенцы падарожнічалі па свеце.

“Квіток у выглядзе кніжкі – гэта нашы спецыялісты з Гродна вярталіся ў 1971 годзе з Манголіі па маршруце Дархан – Гродна. А вось гэтыя квіткі мне прывезлі з Тайланда, знаёмыя ездзілі на цягніку па гэтай краіне.

 

Квіткі з Бангладэш – яны як упрыгожванне маёй калекцыі. Сярод квіткоў з іншых кантынентаў: квіткі з Аўстраліі, з Паўднёвай Амерыкі – з Чылі і Аргенціны. А з Афрыкі – квіткі з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.”

 

Пра калекцыю гарадзенца ведаюць збіральнікі і з іншых краін:

 

“Гэтую частку калекцыі мне даслалі з Іспаніі. Квіткі прысвечаны 400-годдзю Мігеля Сервантэса, на іх Дон Кіхот і Санча Панса. Акрамя сучасных квіткоў мне даслалі і старыя іспанскія квіткі, якія цешаць вока сваёй разнастайнасцю.”

Еўрапейскія краіны прадстаўлены ў калекцыі Аляксандра амаль цалкам:

 

“Самая вялікая колькасць квіткоў з Вялікабрытаніі, затым вельмі розныя квіткі з Нідэрландаў. Квіткі з Швейцарыі паказваюць вышыню горных вяршыняў. Шмат квіткоў з розных польскіх гарадоў: Беласток, Варшава, Гданьск, Сопат.

 

Шмат з прыбалтыйскіх краін: Літва, Латвія, Эстонія. Вось, да прыкладу, білет з Эстоніі. Бланк яшчэ стары, савецкі, а кошты на ім – у еўра.

 

Ганаруся білетам з Бельгіі, на якім намаляваны чыгуначны вагон. Партугалія ў маім зборы  прадстаўлена ў асноўным старымі квіткамі, якія мне даслаў калега з Іспаніі. Венгрыя, Балгарыя і Югаславія таксама ў мяне прадстаўленыя ў гэтых папках. Самы дарагі для вандроўніка білет – квіток з Масквы ў Аўстрыю. Яго кошт склаў 900 еўра.

 

А на чэшскіх квітках шмат рэкламы і розныя святы: дзень чыгуначніка і, да прыкладу, спецыяльны білет да 150-годдзя чэшскіх чыгунак.”

Аб сваім хобі Аляксандр ахвотна распавядае і на розных выставах, якія праходзяць на дні горада або падчас Фестывалю нацыянальных культур, што праходзіць у Гродне кожныя два гады.

 

“Мяне таксама запрашалі прадставіць калекцыю ў музеі, калі была выстава ў Старым замку, прысвечаная 150-годдзю чыгунцы. Але я не пагадзіўся з іх умовамі. Пра квіткі трэба расказваць, а там яны б проста ляжалі без апісання.”

Сваім хобі Аляксандр зусім не звязаны са сваёй прафесіяй – ён працуе слесарам на адным з гарадзенскіх прадпрыемстваў. Акрамя калекцыі чыгуначных білетаў, ён збірае талоны на грамадскі транспарт. Прасачыць змены цэн на транспарт у Гродне можна на асобных старонках у альбоме ў Аляксандра.

 

Акрамя дакументаў на праезд калекцыянер збірае і розныя аблігацыі, самая старая з якіх у яго ў калекцыі – з далёкага 1923 года.

 

Здымкі Вольгі Мілавай і Сяргея Апановіча