З’явілася кніга пра сядзібы Карэліцкага раёна

|

Манаграфія – своеасаблівы даведнік па помніках мінулага, аздоблены вялікай колькасцю маляўнічых фотаздымкаў, які ахоплівае гісторыю 57 сядзібаў.

У кнізе прадстаўлена характарыстыка архітэктурных збудаванняў, сядзібных паркаў, водных сістэм і гаспадарчых двароў, сядзібная культура, характар вядзення гаспадаркі і лад жыцця ўладальнікаў.

Апісаны таксама сучасны стан сядзібаў, абгрунтавана важнасць іх захавання, прадстаўлена новае функцыянальнае выкарыстанне.

 

“Асаблівая ўвага ў кнізе нададзена гісторыі і паркам Мірскага замка. Прасочваецца сувязь замка і сядзібаў з дзейнасцю гістарычных родаў, – кажа дырэктар Замкавага комплекс “Мір”, кандыдат гістарычных навук Вольга Папко.

 – Усё гэта вельмі важна для нашага музея, які сёння з’яўляецца вядучай навуковай установай на тэрыторыі Карэліцкага раёна.

 Таму мы імкнемся пашырыць уплыў музея за межы замка”.

 

Анатоль Федарук (прафесар, доктар біялагічных навук, выкладчык БДПУ імя М.Танка) з 1967 года займаецца вывучэннем гісторыі, архітэктуры, культуры старадаўніх сядзібаў. Вялікую папулярнасць набылі яго кнігі “Садова-паркавае мастацтва Беларусі”, “Старадаўнія сядзібы Мінска краю” і “Старадаўнія сядзібы Берасцейшчыны”.

 

4 красавіка прэзентацыя кнігі адбудзецца ў Карэліцкім Доме культуры.

Пачатак у 11 гадзін.

 

Паводле прэс-рэлізу