Каля 20 тыс. кВт энергіі зэканоміў Гродна за “Гадзіну Зямлі”

У Гродне падчас правядзення акцыі “Гадзіна Зямлі” падсветку сваіх будынкаў пагасілі такія прадпрыемствы як “Гродна Азот”, “Гроднаэнерга”, “Хлебазавод” і іншыя. Цалкам была адключаная падсветка на будынках аблвыканкама і гарвыканкама, Палаца культуры тэкстыльшчыкаў і драмтэатра. Таксама адключылі падсветку экрана на Савецкай плошчы.

Гарвыканкам

 

Як удалося высветліць на прадпрыемстве “Горсвет”, у падтрымку акцыі была выключаная толькі падсветка экрана, сам жа экран знаходзіўся ў працоўным рэжыме. Звычайна ён працуе кругласуткава. Гэта звязана з яго тэхнічнай эксплуатцыяй: экран павінен быць заўсёды ўключаны, бо калі яго пастаянна выключаць, ён сапсуецца.

 

У Мінску на час акцыі традыцыйна пагасла Нацыянальная бібліятэка, падсведку адключылі сотні адміністрацыйных будынкаў, офісаў і крам. Таксама ўдзел у акцыі прынялі буйныя кампаніі. Напрыклад, кампанія МТС адключыла падсведку сваіх цэнтраў абслугоўвання. Акрамя таго, усім наведвальнікам галоўнага офіса кампаніі бясплатна раздавалі энергазберагальныя лямпачкі.

 

У Брэсце  акцыю падтрымалі раварысты, а на пляцоўцы каля ЦУМа адбылося традыцыйнае фаер-шоў.

Гроднаэнерга

 

На пытанне, чаму не адбылося масавага гуляння ў Гродне, адказала ўдзельніца таварыства “Зялёная сетка” Юлія Каляда.


“З нашага боку мы  ніколі не планавалі правядзенне масавага мерапрыемства, прысвечанага Гадзіне Зямлі, як гэта робіцца ў некаторых гарадах. Калі мы кажам пра ахову прыроды і энергазберажэнне, хочацца быць максімальна праўдзівымі і не забруджваць асяроддзе кітайскімі ліхтарыкамі, знічкамі, шарыкамі.


З года ў год мы робім акцэнт на інфармаванні гарадзенцаў: праводзім прэзентацыі, распаўсюджваем плакаты, рассылаем прэс-рэлізы па СМІ. Наша задача – распавесці пра эканомію і беражлівыя адносіны да рэсурсаў як мага большай колькасці людзей.”

Плошча Леніна: аблвыканкам і гарвыканкам

 

Інфармацыйныя мерапрыемствы праводзілі і ў навучальных установах. Так, педагогі Гродзенскага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі праводзілі інфармацыйныя гадзіны, дзе расказвалі навучэнцам пра змены клімату і ахову прыродных рэсурсаў. Таксама супрацоўнікі цэнтра праінфармавалі ўсе школы горада і вобласці пра акцыю і заклікалі іх удзельнічаць у мерапрыемстве.

 

З нагоды акцыі Цэнтр экалагічных рашэнняў прапанаваў школам краіны прыняць удзел у конкурсе “Паляванне на зялёны кадр”. З Гарадзеншчыны ў ім прынялі ўдзел: базавая каманда “Gold fish” СШ №3 г. Слонім, каманды “Экалайфікі” і “Школазаўрыкі”  Квасоўскай СШ Гродзенскага раёна, гарадзенскія Ліцэй № 1 і школа № 14 г.

“Гродна Азот”

 

Не паспела прайсці Гадзіна Зямлі ў гэтым годзе, як экаактывісты пачынаюць думаць пра наступную:


“Для нас вельмі важна, каб з кожным годам да акцыі далучалася ўсё больш гарадзенцаў.  Каб яны не проста шукалі ў ёй эканамічную карысць, а зразумелі яе сімвалізм. Таму мы абавязкова будзем пашыраць сферу сваёй дзейнасці, працуючы і з мясцовымі ўладамі, і з прадпрыемствамі, і з дзецьмі, і з падлеткамі”, — кажа Юля Каляда.

 

Некаторыя гарадзенцы выказваюць меркаванне, што з мэтай энергазберажэння падсветку адміністрацыйных будынкаў варта зусім выключыць, а не толькі ў Гадзіну Зямлі. Якім чынам будзе эканоміць Гродна ў “Год беражлівасці” распавёў намеснік начальніка па інфармацыйнай і аналітычнай рабоце Гродзенскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем топліўна-энергетычных рэсурсаў Андрэй Мінько:


“Ёсць цэлая праграма па энергазберажэнню па Гродзенскай вобласці, рэалізацыя якой, мяркуецца, дазволіць зэканоміць 200 тыс. тон умоўнага паліва. Самае грандыёзнае мерапрыемства ў рамках дадзенай праграмы — будаўніцтва газавай турбіны на ТЭЦ-2 магутнасцю ў 121,7 МВт, якое дазволіць зэканоміць амаль палову заяўленай лічбы (90 тыс.тон); замяшчэнне імпарту газа дазволіць зэканоміць да 25,1% умоўнага паліва; будзе працягвацца эксплуатацыя ГЭС, а таксама будуць праводзіцца розныя мерапрыемствы па энэргазберажэнню у бюджэтнай сферы і ЖКХ.”

Хлебазавод


Па інфармацыі ўпраўлення, тэхнічных непаладак на электрастанцыях у час правядзення акцыі ў Гродне зафіксавана не было.


Здымкі Юліі Капіцы