У ГрДУ паставілі спектакль па матывах вампірскіх фільмаў

|

Гісторыю рамантычнай Мілены ды хлопца-дэмана Стэна ўсе аматары студэнцкага мастацтва маглі пабачыць у актавай зале ўніверсітэта 26 сакавіка. Галоўныя тэмы спектаклю – супрацьстаянне дабра і зла і ахвярнае каханне – раскрываліся ў даволі простым сюжэце.

Галоўныя героі: Мілена (якую грала сама аўтарака сцэнару Наста), якая любіць танцы і мае шмат сябровак ды Стэн, які, нягледзячы на сваё цёмнае паходжанне, марыць пра каханне ды звычайнае чалавечае жыццё…

Вядома ж, Мілена ды Стэн закахаліся, а пасля ўсе цёмныя сілы ім супрацьстаялі. Сярод “цёмных” былі і дэман-брат Стэна, і каралева Ліліт, і чэрці розных пасадаў. Вершаваныя сцэны размоў (узроўню “каханне-змярканне”) перапыняліся танцамі ды песьнямі. Песьні спяваліся пад фанаграму, але былі выкарастаны сапраўдныя галасы актораў, і запісы цешылі слух.

 

Але ж вернемся да Стэна з Міленаю, якія так і не здолелі супрацьстаяць шматлікаму злу. Хлопец быў вымушаны ахвяраваць сваім жыццём дзеля дзяўчыны. Хэпі-энду не атрымалася, але ўжо ў апошняй сцэне Мілена заклікае ўсіх да веры ў сапраўднае каханне ды пяе песню Макса Каржа “Лятай са мной”.

У мяне атрымалася паразмаўляць з Настай Козел, якая расказала, што ідэя пастаноўкі сапраўды была ўзята з вампірскіх фільмаў, а сцэнар “Мацней за страх” дзяўчына спрабавала прасунуць на “Альма Матэр”.


Быў нейкі кастынг на галоўную ролю ці сцэнар ты пісала адразу пад сябе?

 

Я не хацела граць у сваім спектаклі, хацелася паглядзець на ўсё збоку, але рэжысёрка папрасіла мяне зайграць.


Лічыш, студэнтам было карысна паглядзець драму?

 

Добра, калі студэнты паглядзелі пастаноўку, таму што тэма кахання заўсёды будзе актуальнай. Спадзяюся, “Мацней за страх” шмат каго закранула ды ўразіла.

Пасля спектаклю, у тэатральнай мітусні, калі акторы бегалі з гарнітурамі і дэкарацыямі, у мяне атрымалася паразмаўляць з Аннай Віктараўнай Жэгала пра цяжкасці, з якімі сутыкнуліся акторы:

 

“Амаль усе рэпетыцыі праходзілі ў аўдыторыях ды фае і толькі ў апошнія два дні перад спектаклем акторам далі ў карыстанне актавую залу. Гэта падрывала працоўны настрой, студэнты не адчувалі атмасферы. Не хапала мікрафонаў.

 

Увогуле, спектакль ставіўся ў катастрафічных умовах у рэкордны час. На рэпетыцыі пайшло каля 10 дзён. Але галоўнае, усё ж, вынік, якога мы дабіліся. Прэм’ера адбылася, і я лічу, што ўсё прайшла надта паспяхова.”


Здымкі Косці К.