Міжнародным вопытам адукацыі сталых людзей дзеляцца ў Гродне

| Без катэгорыі

Кіраўнік праграмы “Універсітэт Залатога  Веку” пры грамадскай арганізацыі “Цэнтр “Трэці  Сектар” Лана Руднік (на здымку ніжэй) адзначыла падчас урачыстага адкрыцця:

 

“У гэтай праграме я і сама вучуся. У валанцёраў, у навучэнцаў, у нашых выкладчыкаў. Гэта незвычайны працэс. За тры гады, што існуе наша праграма, першая ў Беларусі, мы, на мой погляд, дасягнулі вельмі добрых вынікаў. У нас з’явілася сваё самакіраванне, новыя напрамкі дзейнасці, пры ўніверсітэце працуе “Школа добрых спраў”. Я вельмі ганаруся нашым блогам, нашай дзейнасцю і нашай актыўнасцю”.

 

 

Старэнне насельніцтва – гэта не абстрактная праблема будучыні, гэта актуальная праблема сучаснасці. Менавіта таму міжнародная канферэнцыя, што зараз праходзіць у нашым горадзе, вельмі актуальна. Заўсёды цікава, што робяць твае калегі ў іншых краінах, як вырашаюць тыя ці іншыя праблемы.

Галіна Верамейчык, кіраўнік Прадстаўніцтва зарэгістраванага таварыства “Deutscher Volkshochshul-Verband eV” у Беларусі, аднаго з арганізатараў канферэнцыі

 

А яны аднолькавыя і ў нас, і ў Еўропе: старэнне насельніцтва, памяншэнне колькасці насельніцтва працаздольнага ўзросту. Такія дэмаграфічныя змены будуць мець сур’ёзныя наступствы ва ўсіх сферах жыцця грамадства, таму вельмі важна ўжо цяпер надаваць гэтым пытанням пільную ўвагу.

 

 

Удзел у канферэнцыі прымаюць больш за 70 спецыялістаў з дзяржаўных ды грамадскіх арганізацый, вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы, Літвы і Сербіі.

 

Тэмы, якія разглядаюцца, тычацца сацыяльнай падтрымкі сталых людзей, дэмаграфічнай сітуацыі, але не толькі. Заяўленая, напрыклад, тэма асаблівасці харчавання ў сталым узросце ці  пагляд сталых на навучанне.

 

 

Разам з тэарэтычнай часткай, у канферэнцыі прадугледжана і практычная, дзе ўдзельнікі прадставяць ужо канкрэтныя вынікі працы розных адукацыйных цэнтраў для людзей “трэцяга” ўзросту (менавіта так яшчэ называюць сталых людзей). Сваім досведам падзеляцца прадстаўнікі “Універсітэта Трэцяга Узросту” пры Вроцлаўскім універсітэце. У гэтым горадзе такая арганізацыя існуе з 1976 года.

 

Фотаздымкі Яна Лялевіча і Вольгі Анціпавай