Гарадзенскі прафесар не верыць у тое, што яго бацьку збіла машына
Па першапачатковай версіі на 86-гадовага пенсіянера, які прыйшоў у свой гараж, напалі невядомыя. Мужчына памёр у шпіталі ў выніку моцнага ўнутранага крывацёку з-за разрыву ўнутраных органаў. Ён не сказаў, хто на яго напаў.
Цяпер па гэтым факце праводзіцца расследаванне, распачата крымінальная справа. Але 1 красавіка ў некаторых СМІ з’явілася версія, што пенсіянера збіла машына.
“Учора размаўляў са следчым і я не хачу ўмешвацца ў працэс расследавання, – кажа доктар медыцыны Алесь Астроўскі. – Але на карысць версіі яго смерці ад невядомых ля гаража кажа некалькі фактаў. Яшчэ 24 сакавіка я на сваім сайце размясціў віншаванне беларусаў з Днём Волі, а 25-га атрымаў такую “вестку”, і другое – ужо раніцай 26 сакавіка я паехаў у гараж да бацькі паглядзець на месца злачынства.
Там мне ўдалося пагаварыць з яго суседзямі па гаражы, якія і адвозілі яго ў шпіталь. Яны расказалі мне пра тое, як дастаўлялі бацьку ў шпіталь па яго просьбе і што ён і расказаў ім, што яго пабілі. Акрамя таго, яны чулі яго просьбу аб дапамозе і бачылі яго некаторы час да здарэння.
У версію, што бацьку збіла машына, я не веру і збіраюся, як крыху папраўлюся ад грыпу, падаваць на журналістаў, якія такое напісалі, заяву ў суд.”
Нагадаем, гісторыя са смерцю 86-гадовага бацькі прафесара адбылася яшчэ 25 сакавіка, калі ён з сінякамі быў дастаўлены ў адну з бальніц горада. Праз некаторы час ён памёр у бальніцы.
Бацька прафесара яшчэ ў 17 гадоў маладзёнам пайшоў на фронт Вялікай Айчыннай Вайны, а пасля вайны яго пакінулі служыць у войску, дзе ён праслужыў сем гадоў. Пасля службы ён пачаў сваю працу ў кавальскім цэху Гродзенскага завода карданых валаў, дзе бліжэй да пенсіі ён пачаў губляць слых. Ветэранская арганізацыя выдала пенсіянеру слыхавы апарат, які ён з насіў без задавальнення.
Здымак nashaziamlia.org