“Будзь у Трэцім!”: хто стаў найлепшым актывістам Гарадзеншчыны?
Нягледзячы на красавіцкі снег, на імпрэзу сабралася поўная зала.
ГА “Цэнтр “Трэці сектар” другі год запар ладзіць конкурс “Будзь у Трэцім!”, мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя дзейнасці грамадскіх арганізацый, ініцыятыў і асоб Гарадзеншчыны, якія робяць вялікі ўнёсак у вырашэнне важных мясцовых пытанняў.
Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу праходзіла ва ўтульнай атмасферы сяброўства, бо шмат удзельнікаў ведалі адзін аднаго і шчыра радаваліся перамогам сваіх калег. Імёны пераможцаў, якіх абрала прафесійнае журы, былі запячатаныя ў капэртах, і да апошняга не было вядома, хто перамог у конкурсе.
На імпрэзе прысутнічала шмат маленькіх гарадзенцаў. Арганізатары жартавалі, што яны ўжо прывыкаюць да грамадскай дзейнасці і безумоўна стануць грамадскімі актывістамі ў будучыні.
Дык хто ж яны – найлепшыя грамадскія актывісты Гарадзеншчыны?
У намінацыі “Захаванне культурнай і гістарчынай спадчыны” па выніках галасавання інтэрнэт-карыстальнікаў перамагла гарадзенская грамадская ініцыятыва “Варштат ідэй Гродна”. Арганізатары конкурсу адзначылі, што бадай самыя шчырыя каментары і падзякі, якія пакідалі інтэрнэт-карыстальнікі на старонцы конкурсу, былі адрасаваныя менавіта гэтай ініцыятыве.
Пераможцам па версіі прафесійнага журы стаў мясцовы дабрачынны фонд “Крэўскі замак”
Таксама ў гэтай намінацыі былі прадстаўленыя “Кола раварыстаў-вандроўнікаў” і “Суполка народнай культуры”.
Сябра экспертнага журы, вядомы гарадзенскі гісторык і педагог Алесь Госцеў перадаў канкурсантам наступныя вітальныя словы:
“Не спыняцца на дасягнутым, а шукаць, знаходзіць і актыўна выкарыстоўваць любыя магчымасці пашырэння сваіх прыхільнікаў, дабівацца не толькі значных поспехаў у засваенні нашай гісторыка-культурнай спадчыны і яе максімальна шырокай прапагандзе, але да того ж імкнуцца рабіць ў гэтым напрамку ўласныя адкрыцці і актыўна папулярызаваць іх разнастайнымі сродкамі”
За перамогу ў намінацыі “Экалогія і ахова навакольнага асяроддзя” змагаліся “Зялёная мапа Гродна”, “Лідскі раённы экалагічны цэнтр”, акцыя па ўборцы смецця “Зробім!”, фотапраект орлеўскай школы “Экалагічныя праблемы нашага рэгіёну”.
Пераможцам народнага галасавання стаў “Лідскі раённы экалагічны цэнтр”. Дырэктарка ўстановы Жанна Цехановіч падзякавала арганізатарам і заўважыла, што менавіта дзякуючы конкурсу “Будзь у Трэцім!” вучні школ Лідскага раёну даведаліся, што такое грамадская дзейнасць, што можна, аказваецца, рабіць карысныя справы проста так, не дзеля грошай. Гэта стала для дзяцей сапраўдны адкрыццём і абудзіла цікаваць да грамадскай актыўнасці.
Беларуска-украінскі квартэт экспертаў абраў у якасці пераможцы ў гэтый намінацыі “Зялёную мапу Гродна”. Адкрыла заветны канверт і агучыла імя пераможцы сябра журы Іаланта Рамановіч, каардынатарка гарадзенскага Орхускага Цэнтра.
У намінацыю “Дабрачыннасць” была пададзена самая вялікая колькасць заявак: ГА “Гродзенскі дзіцячы хоспіс”, ГГААЖ “Адданае сэрца”, акцыя “Зробім навагодняе свята для дзетак разам!”, збор рэчаў для сацыяльна неабароненых дзяцей у інтэрнэце, інтэграцыйная група “Крок насустрач” і ініцыятыва па працы з дзецьмі сіротамі “Ружовы слон”.
Пераможцам галасавання на старонцы конкурсу і ў сацыяльных сетках стала Гарадзенскае грамадскае аб’яднанне аховы жывёлаў “Адданае сэрца”.
Свае ўражанні аб гэтым канкурсанце перадала Анжаліка Аношка, старшыня Праўлення МГА “Узаемаразуменне”: “Было вельмі складана ўтрымацца і не паставіць па ўсіх крытэрыях 10. Менш, чым за два гады знайсці месца для 300 хворых і траўміраваных жывёл – мой паклон! Ды яшчэ 80 – пад апекай. Гэты паказчык дазваляе зрабіць высновы па ўсіх крытэрыях. Я вельмі добра ведаю, што такое ратаваць хворых жывёл і колькі гэта каштуе як у грошах, так і ў перажываннях”.
Тым не менш, пераможцам па меркаванню беларуска-польска-нямецкага прафесійнага журы стала ініцыятыва “Крок насустрач”.
Пасланне да ўсіх ініцыятыў, якія займаюцца дабрачыннасцю, ад заснавальніка і кіраўніка ДГДФ Якава Рагаліна (Данецк, Украіна):
“Наўздагон маёй табліцы з жорсткай ацэнкай ні ў чым не вінаватых беларускіх неафітаў дабрачыннасці з Гродна:
1. Для грамадска-карыснай дзейнасці няма ні аднаго апраўдання, каб быць / заставацца неэфектыўнай.
2. Эфектыўнасць – справа нажыўная і прадугледжвае выкарыстанне правіл неабходнай разнастайнасці – усяго павінна быць шмат: і прыёмаў, і метадаў, і стратэгій.
3. Дабрачыннасць мае свой шлях (дао) і ў пачатку шляху, і далей неабходна вучыцца, укараняць, аналізаваць, зноў вучыцца і г.д., але не па коле, а па спіралі.
Важна! У дабрачыннасці ёсць, што ведаць / разумець; ёсць, што ўмець / рабіць …”
За званне стаць “Інтэрнэт-прарывам года” змагаліся чатыры сайты: “Зялёны Гродна”, ваўкавыскі рэгіянальны сайт, інтэрактыўная мапа ведапарковак, сайт Смаргонскай гімназіі. Але пераможцам і ў народным галасаванні, і па версіі экспертнага журы, стаў ваўкавыскі рэгіянальны сайт volkovysk.by.
У намінацыі “Лепшая кампанія па прасоўванні і адстойванні інтарэсаў грамадскасці” ўсе ўзнагароды забралі раварысты. У інтэрнэт-галасаванні перамог “Форум велаактывістаў Беларусі”, прафесійнае журы абрала кампанію “Забяспеч сабе паркоўку!”.
Падчас прэзентацыі сваёй дзейнасці веласіпедысты зладзілі віктарыну і разыгралі сярод удзельнікаў імпрэзы магніты з лагатыпам ініцыятывы “ВелаГродна”.
У гэтай намінацыі былі таксама прадстаўленыя акцыя па абароне дрэваў і сацыяльны інтэрактыўны тэатр “Працаваць нельга адмовіцца”.
Званне “Валанцёр года” атрымала Алеся Яфімава, якая стала безумоўным пераможцам інтэрнэт-галасавання і па ацэнках экспертаў. Менавіта гэта асоба з’яўляецца валанцёркай амаль усіх (!) грамадскіх ініцыятыў, якія былі заяўленыя ў конкурсе.
“Лепшым творчым праектам” па выніках народнага галасавання стала студэнцкае радыё “Inter’Актыў”. Пераможцам па выніках працы прафесійнага журы стала экалагічна-творчая імпрэза “Балоты будуць жыць!”.
Не хапіла ўсяго 4 балаў да перамогі часопісу самвыдату “LO_ok”, які пакарыў сэрца эксперта з Украіны. Таксама на перамогу прэтэндавалі літаратурны клуб “Катарсіс” і міні-фестываль вулічнага мастацтва (тэатр агню “Ergo Bibamus”).
Уражанні эксперта з Украіны, Ірыны Вовк, якая ўвайшла ў склад журы гэтай намінацыі: “Было вельмі цікава ўдзельнічаць у вашым конкурсе! Было вельмі складана абраць пераможцаў, усе такія цікавыя! Таленавітыя вы, беларусы!”
Пераможцы інтэрнэт-галасавання атрымалі дыпломы, хэнд-мэйд зайкаў і 16-гіговыя флэшкі, пераможцы па версіі прафесійнага журы – дыпломы, статуэткі і электронныя кніжкі.
Ваўкавыскі рэгіянальны сайт і “Валанцёр года” Алеся Яфімава атрымалі планшэты як пераможцы і па версіі карыстальнікаў інтэрнэту, і як выбар экспертаў.
У канцы мерапрыемства добрым падарункам для прысутных стаў выступ гарадзенскага фол-рок гурта “Людзі на балоце”. Удзельнікі імпрэзы пачулі творы з новый праграмы калектыва, а таксама добра вядомыя песні з першага альбому.
Гэты год, у параўнанні з пілотным конкурсам “Будзь у Трэцім!”, мае шмат асаблівасцей.
З’явілася адмысловая старонка конкурсу, дзе можна знайсці ўсю інфармацыю пра канкурсантаў і сам конкурс, павялічылася колькасці намінацый і колькасці ўдзельнікаў.
Таксама ўдзел у конкурсе прынялі прадстаўнікі вобласці, пры гэтым забралі некалькі ўзнагарод.
Арганізатары ганараццы тым, што змаглі заангажаваць да ўдзелу ў конкурсе сапраўдных прафесіяналаў і вядомых экспертаў з Беларусі, Польшчы, Украіны і Нямеччыны, якія ўвайшлі ў склад міжнароднага журы і абіралі пераможцаў. Іх ацэнкі, каментары і парады стануць вельмі карыснымі для ўсіх удзельнікаў конкурсу.
Вельмі актыўнымі аказаліся і інтэрнэт-карыстальнікі. За тры тыдні народнага галасавання за канкурсантаў аддана 4154 галасоў (на старонцы конкурсу ў раздзеле “Прагаласуй” і ў сацыяльных сетках) і пакінута больш за 100 каментароў.
Конкурс прайшоў на вельмі высокім узроўні. Арганізатары плануюць зрабіць яго традыцыйным.
Здымкі Уладзіслава Мігдалёнка і Дзмітрыя Бандарчука