Як тут, за акіянам…

Аказалася, што Амерыка – як той айсберг: каб убачыць тое, што пад вадой, трэба туды зазірнуць.

Свой шанс убачыць Амерыку на ўласныя вочы выпаў мне ў межах праграмы «Новыя медыі», арганізаванай Дзярждэпартаментам ЗША для групы беларускіх журналістаў-інтэрнэтчыкаў. З першага дня візіту вырашыў, што буду фіксаваць самыя цікавыя пачутыя і падгледжаныя гісторыі пра Амерыку і амерыканцаў. Першыя з іх – у гэтым выпуску Твайго Стылю.

Як стаць Аслом?

Большасць чытачоў «ТС», напэўна, ведае, што у ЗША дзве вядучыя палітычныя партыі – Демакратычная і Рэспубліканская. А ці ведаеце вы, што дла таго, каб уступіць у любую з гэтых партый, не трэба пісаць заяваў, плаціць партыйныя складкі, што сябры партый не маюць аніякіх партыйных білетаў?

Захацеў, да прыкладу, стаць «дэмакратам» і пайсці ад гэтай партыі (дарэчы, яе сімвалам з’яўляецца асёл) ва ўладу? Няма праблем! Ідзеш у выбарчую камісію, атрымліваеш дадзеныя выбаршчыкаў, якія ў выбарчых анкетах пазначалі сябе як дэмакратаў – і пачынаеш агітацыйную кампанію. Выйграеш унутрыпартыйныя мясцовыя выбары – і трапляеш у партыйны спіс на мясцовыя, штатаўскія альбо агульнанацыянальныя выбары!

Цікава, што у некаторых штатах (напрыклад, у Вірджыніі, можна браць удзел ва ўнутрыпартыйных выбарах і рэспубліканскай і демакратычнай партый!). Навошта? Каб мець больш шансаў уплываць на жыццё ў сваёй мясцовасці, у сваім штаце, у сваёй краіне. Партыі ў ЗША разглядаюцца найперш як інструмент прасоўвання інтарэсаў. Амерыканцы гэта добра разумеюць і гэтым шансам актыўна карыстаюцца. Да таго ж такая сістэма не дазваляе гадамі сядзець ва ўладзе адным і тым жа палітыкам.

>

Партыйнай эліты ў беларускім разуменні гэтага тэрміну ў ЗША проста няма! Даказваць сваю «элітарнасць» даводзіцца штодзённай цяжкай працай. Не справішся – на тваё месца знойдзецца мноства ахвотных! Не адзін амерыканскі эксперт адзначаў, што пры класічнай партыйнай сістэме Абама ніколі не стаў бы прэзідэнтам, бо старая эліта партыі была за Хілары Клінтан. Але на ўнутрыпартыйных выбарах, дзе ўсё вырашалася не партыйнымі аўтарытэтамі, а галасамі звыклых амерыканцаў, якія на нейкі час свайго жыцця вырашылі назваць сябе амерыканцамі, перамог Абама і таму менавіта ён і прадстаўляў партыю на выбарах. З якім вынікам – вы ведаеце.

Канчыта жыве ля Белага дома

Да рэзыдэнцыі прэзідэнтаў ЗША ад нашага гатэлю 15 хвілін пешшу. Як не скарыстацца магчымасцю ды не паназіраць за тым, што дзеецца ў яго ваколіцах? Помнік Касцюшку, нахабныя вавёркі ў парку, стомленыя турысты ды нявыспаныя бамжы на лаўках у 100 кроках ад цэнтральнага ўваходу, пара палісмэнаў. А вось і нязменны персанаж ваколіц Белага дома – Канчыта.

Дваццаць восем гадоў таму гэтая тады яшчэ іспанская дзяўчына паставіла пад презыдэнцкай рэзыдэнцыяй намёт ды распачала безтэрміновы пратест супраць распаўсюджання атамнай зброі. Пратэстуе дагэтуль! А яшчэ – супраць «ізраільскай агрэсіі супраць Палестыны» і яшчэ шмат супраць чаго! Амерыканскае заканадаўства дазваляе перанесці жытло чалавека (а намёт і лічыцца такім жытлом) толькі у тым выпадку, калі ў ім ніхто не жыве.

     

З цягам часу ў Канчыты з’явіўся бойфрэнд, які пільнуе «хату», пакуль гаспадыня адыходзіць куды па справах! Часу пры гэтым не марнуе – падтрымлівае сайт Канчыты (вай-фай ля Белага дома добры), распавядае розныя гісторыі экскурсантам. Жыццё віруе!

Вітаўт Руднік, фота аўтара

Працяг – у наступных нумарах ТС