Кшыштаф Зануcсі: паводзіны кіраўніцтва ГрДУ непрымальныя
На просьбу Польскага радыё пракаментаваць звальненні дацэнта Андрэя Чарнякевіча, прафесара Вячаслава Шведа, а таксама выкладчыка Ігара Кузьмініча, Кшыштаф Зануссі сказаў:
“Сістэма ў Беларусі – гэта выключэнне, іншай такой краіны ў Еўропе няма. Гэтыя рашэнні недапушчальныя. Гэта ніяк не ўпісваецца ў еўрапейскія стандарты”.
А ці гатовыя Вы падключыцца да акцыі салідарнасці са звольненымі выкладчыкамі?
“Я не бачу сэнсу пісаць лісты і рабіць нейкія крокі. З уласнага досведу жыцця ў падобнай сістэме я ведаю, што такія жэсты значаць няшмат. Калі ўзнікне такая неабходнасць, то я абавязкова прадпрыму пэўныя крокі. Але сёння я не бачу ў іх сэнсу. На практыцы яны нічога не зменяць. Гэта справа беларусаў, яны павінны выказвацца на гэты конт. Бо кожны павінен сам змагацца за свабоду. Няхай спачатку яны адкажуць на пытанне: які выбар яны зрабілі, як народ.”
Нагадаем, нагодай для звальнення гісторыкаў Андрэя Чарнякевіча і Вячаслава Шведа стала іх праца над кнігай “Гродназнаўства”. Мясцовыя ўлады палічылі яе крамольнай. Пазней старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра публічна прызнаўся, што асабіста аддаў загад звольніць з універсітэта дацэнта Андрэя Чарнякевіча.
Здымак з архіву “Твайго стылю”