Фрыкі – гарадскія «знакі» (Дубляваць)

|

Такія людзі ствараюць атмасферу і ў некаторым сэнсе становяцца знакамі горада, пра іх расказваюць прыезджым.

Вядома, кожны бачыў мужчыну на аўтавакзале, які ўвесь час нешта распавядае людзям на прыпынку, звяртаючыся да ўсіх і ні да каго. Я чуў, што ў яго ёсць сям’я, праца, а «рэлігійныя лекцыі» каля аўтавакзала ён чытае па ўласным жаданні.

Пераходзім дарогу і трапляем на Скідальскі рынак. Тут можна сустрэць мужыка, імя якога Лёша. Ён ходзіць на гэты рынак, як на працу. А зарабляе грошы так – шпацыруючы паміж шэрагамі і шапікамі, ён прапаноўвае гандлярам і пакупнікам свае нехітрыя паслугі. За 500 рублёў Лёша гатовы пракрычаць абсалютна ўсё, што захоча кліент. Хадавыя фразы «Ігар – самы прыгожы» ці «Юля – класная дзяўчынка». Прычым, ён не гарлапаніць, а спявае, меладычна расцягваючы канец фразы: «прыгожаяяяяя… ». Пасля абеду яго працоўны дзень сканчаецца, і ён адпраўляецца ў бліжэйшую краму з віном ды гарэлкай.

Са Скідальскага пройдзем у самае папулярнае месца тусоўкі «незвычайных людзей» – плошчу Савецкую і наваколле.

Вось – «бабка Армагедон». Яна ўвесь час хоча стукнуць і абмацюкаць тых, хто на яе глядзіць. Ходзіць у хустцы і з двума пакетамі, можа падбегчы і стукнуць злёгку. Потым адбягае і крычыць: «Я вам тут Армагедон устрою!».

Яшчэ адна бабка каля крамы «Баторыя» ўвесь час спыняе мінакоў і просіць купіць ёй хлеба і крупы ў краме. Раней наадрэз адмаўлялася ад грошай. Распавядаюць, што ў яе сын ездзіць на дарагой іншамарцы і ў яе вялікая кватэра ў цэнтры.

Раённых town freaks (гарадскіх вар’ятаў) пэўна не пералічыць.

Старэйшае пакаленне часта ўспамінае 80-я гады і Лютка: чалавек невядомага ўзросту і полу з тонкім голасам, апранутага ў лахманы… Я думаю, гэта быў самы сапраўдны «знак, гарадзенскі жабрак з Савецкай. Гавораць, быццам бы, дзякуючы збору бутэлек, ён быў багатым чалавекам і, быццам, ён пералічыў вялікую суму грошай у дзіцячы дом. А за пустую бутэльку Лютак мог зрабіць многа: напрыклад, пракукарэкаць на ўсю плошчу, гучна крыкнуць «NRM – сіла» і іншае. Не атрымаўшы бутэльку, вельмі крыўдзіўся, злаваўся і нават ладзіў пагоню.

Яшчэ ў Гродна ёсць «мужык у белай футболцы». У любы час году ён ходзіць па вуліцах у белай футболцы, «трэніках» і тапках. Калі градуснік паказвае «–10» ён апранае піджак. У раёне вуліцы Савецкіх памежнікаў жыве жанчына-маскарад. На ёй кожны дзень новая вопратка: то яна – матрос, у фуражцы з якарамі і стужкамі, з матроскім каўняром… То – лэдзі з XVIII-га стагоддзя ў сукенцы з бантамі і караблямі на галаве… То наогул у нейкай сярэднявечнай кашулі з буфамі. Распавядаюць, што яна марыла стаць актрысай, але яе не ўзялі. І жанчына больш за 20 гадоў працавала касцюмершай.

У кожнага з гэтых людзей свая гісторыя жыцця. Спачатку яны раслі, хадзілі ў школу, потым – на працу… Але раптам адбылося нешта такое, што «перарабіла» іх, прымусіла зрабіць нейкі іншы накірунак паводзін… Крыўдна, калі над такімі людзьмі смяюцца, здзекваюцца. Тым больш, яны ўсё прабачаюць і зноў спрабуюць жыць па-свойму.

У мяне ёсць прапанова: давайце разам паспрабуем прыгадаць усіх і пагаварыць пра гэтых сваеасаблівых людзей.