Швецыя ў адзін дзень. Частка ІІ

| Без катэгорыі

Адно толькі да караля варта звяртацца Hans Majestät, але ў Швецыі ўсе ўпэўненыя, што ён бы не пакрыўдзіўся на зварот “ты”.

 

Такі звычай прыйшоў ад шведскіх сялян з поўначы краіны – яны, кажуць, былі пачынальнікамі ўсіх больш-менш дэмакратычных перамен.

 

     
  Чытай частку першую тут  
     

Нільс на гусі – папулярны матыў, пра які я згадваў мінулым разам

 

Праязджаючы па вуліцах Карлскруны можна пабачыць мясцовых што займаюцца бегам ці nordic walking. Сярод іх трапляюцца людзі любога ўзросту. Перад самым выездам з горада мы мінулы пару: тыповую чорнаскурую афрашведку і не менш тыповага еўрашведа.

Па дарозе з Карлскруны ў Кальмар і далей на выспу Аландыя, куды ў сезон адпачынку пераязджае ледзь не ўся Швецыя разам з каралём, можна заехаць у Крыстыянопель.

Гэта самы малы горад у Швецыі – стала тут жыве менш за 30 чалавек. Калісці гэта быў істотны абарончы пункт на дацка-шведскай мяжы, за перанос якой абодва бакі вялі крывавыя войны.

Сёння аб былым стратэгічным значэнні могуць нагадваць толькі рэшткі вялікага, дзесяцімятровага абарончала муру.

Дарэчы, Шведы здабылі горад, перайшоўшы кавалак мора па лёдзе!

Вітрына аднаго з кіёскаў з сувенірамі ў Крыстыянопелі. Узімку, вядома ж, зачынена.

 

З Крыстынопеля ўжо зусім недалёка да Кальмара: мілага горада са знакамітым рэнесансным замкам і самай вялікай барочнай катэдрай у Швецыі.

Па дарозе ўдалося даведацца пра адмысловую шведскую ежу – “фермантаванага селядца”. Простай мовай – гнілога. Хаця ён лічыцца дэлікатэсам, на самалёты многіх авіяліній яго нельга браць з сабой. Чаму? Відаць таму, што ім можна скарыстацца як хімічнай зброяй ці нават бомбай!

 

Селядцы ў бочках два месяцы (!) ферментуюцца на адкрытым паветры ў яркім сонцы паўночнай Швецыі, а потым яшчэ шэсць месяцаў знаходзяцца ў закрытых бляшанках. Іх запах нельга забыць!

 

Пакуль слухалі пра гісторыю шведскай кухні, дабраліся да Кальмара. Горад у нядзелю амаль такі ж пусты як і Карлскруна.

Кальмарскі замак зусім страціў вайсковае значэнне пасля таго, як перастаў быць памежным пунктам, а флот перабраўся ў Карлскруну. У замку сёння скромная экспазіцыя, неабавязковая для прагляду. Варта абыйсці навокал умацаваннні, зірнуць на цікавейшыя помнікі на суседніх могілках і скіравацца ў цэнтр горада.

Варожых караблёў не бачна

 

Там здалёк бачная велічная катэдра. Хаця яна не з’яўляецца цэнтрам ніякай дыяцэзіі ажно з 1915 года, назву “катэдра” храму пакінулі. Такіх кафедральных сабораў, дзе няма епіскапаў, у Швецыі толькі два: другі ў Марыестадзе.

Цікава, што Кальмарская катэдра не мае купала, тыповага для гэтакіх будоўляў. А ён жа проста сам просіцца, калі глядзіш на мініяцюру храма!

 

Кажуць, што кароль, незадаволены першым макетам будучага храма, на якім акурат быў купал, развярнуўся ў злосці і хацеў выйсці з пакою. Пры развароце шабля, якую ён насіў збоку, адрэзала купал макета. Кароль развярнуўся ізноў, пабачыў версію без купала і загадаў такую збудаваць.

Унутры катэдра даволі багата аздобленая, што нетыпова, як на евангельска-лютэранскі храм. Царква ў Швецыі дзяржаўная, таму ва ўсіх культавых будынках працуе абаграванне. За кошт дзяржавы.

Вакол катэдры – вулачкі старога горада, па якіх варта пашпацыраваць, нават калі часу зусім няма. Хапае азіяцкіх бістро (і нават адно грэцкае, але там таксама працуюць азіяты). У іх можна адносна танна паесці, пры гэтым абмежавання на колькасць ежы няма: плаціш у канцы фіксаваную суму, а да гэтага часу можаш з’есці столькі абедаў, дэсертаў і выпіць столькі кавы, колькі пажадаеш.

 

Для тых, хто спрабуе паглядзець Швецыю ў адзін дзень, на гэты момант часу амаль не застаецца: трэба вяртацца на паром, па дарозе заглянуўшы ў адзін з гіпермаркетаў Карслкруны.

 

Апошнія вольныя хвіліны можна прысвяціць паездцы праз шасцікіламетровы мост (!), які злучае з кантынентам выспу Аландыя, другую па велічыні шведскую выспу пасля Готланда.

У пачатку мосту ёсць значны пад’ём – каб караблі маглі пад ім свабодна праплываць

 

На другім канцы мосту бачныя старыя драўляныя млыны – сімвалы Аландыі. Разварочваемся і зноў едзем на мост, па якім вяртаемся на кантынент. У Карлскруне нас ужо чакае паром.

 

Падарожнічай з “Тваім стылем” дзякуючы нашай інтэрактыўнай мапе падарожжаў!


Праглядзець Мапу падарожжаў “Твайго стылю” ў большым памеры