Адкрыты ліст да айца Казіміраса Жыліса ад протаіерэя Георгія Роя

|

 

 

Паважаны айцец Казімірас!

 

З вялікім інтарэсам прачытаў Вашае інтэрв’ю на мясцовым інтэрнэт-партале “Твой стыль”. Вы адносіцеся да таго пакалення свяшчэннаслужыцеляў, да якого я, – малады святар, – стаўлюся з вялікаю павагай. Стаць святаром у савецкі час, вытрымаць ціск бязбожнай улады – гэта вялікага каштуе і сведчыць пра сапраўдную цвёрдасць духу.

 

Можа я і не падзяляю радыкальнасці Вашых пастырскіх метадаў, але прынцыпова згодзен амаль што з усімі Вашімі высновамі. Акрамя адной, якая падалася мне вельмі павярхоўной і неадпавядаючай рэальнаму стану рэчаў.

 

Гаворка ідзе пра “праваслаўных патрыярхаў, савецкай вытворчасці, якія, на Ваш погляд з’яўляюцца асноўнаю перагародаю да ўз’яднання праваслаўных і каталікоў. Цікава было б даведацца каго менавіта Вы малі на ўвазе?

 

Патрыярх Кірыл, прадстаяцель нашае Правалаўныя царквы, і мітрапаліт Філарэт Мінскі і ўсяе Беларусі – вучні мітрапаліта Нікадзіма (Ротава), які меў выключна добрыя адносіны з Каталіцкаю Царквою і з Папам Рымскім. І патрыярх Кірыл і мітрапаліт Філарэт, патрэбна сказаць, прадоўжылі лінію выбудавання добрых братэрскіх адносінаў з Каталіцкаю царквою, што сапраўды спрыяе нашаму збліжэнню.

 

Ці можа Вы мелі на ўвазе нейкіх іншых праваслаўных патрыярхаў? Напрыклад, патрыярха Канстанцінопальскага, ці архіепіскапа Афінскага, ці мітрапаліта Нью-Ёркскага, ці патрыярха Румынскага, ці Сербскага? Дык усе яны зусім іншай “вытворчасці” і тым не менш трымаюцца за сваю веру і традыцыю.

 

Вам, як чалавеку добра адукаванаму, а менавіта гэта адрознівае езуітаў, добра вядома, што прычыны нашага раздзялення палягаюць зусім не ў праблеме “савецкай вытворчасці” праваслаўных ці каталіцкіх іерархаў.

 

Не будзем цяпер удавацца ў падрабязнасці нашых разыходжанняў, што таксама не паспрыяе збліжэнню. Напомню толькі тое, што менавіта езуіты, у пэўны перыяд гісторыі адносін праваслаўных і каталікоў на землях Беларусі і Украіны, вельмі ахвотна падлівалі масла ў агонь. Узгадаем толькі адно імя – прападомнамучаніка Афанасія Філіповіча.

 

Гісторыя нашых суадносін, на вялікі жаль, перапоўнена ўзаемнымі крыўдамі. І я абсалютна згодзен з Вамі ў тым, што нам жыццёва неабходна аб’ядноўвацца каб “разам змагацца з мусульманамі і сектамі”, але Вашыя словы адносна праваслаўных гэта нішто іншае як навешванне ярлыкоў і паглыбленне негатыўных стэрэатыпаў. Падобных стэрэатыпаў нямала і ў адносінах да каталікоў у цэлым, і езуітаў – у прыватнасці.

 

Я ведаю, што сярод пэўных колаў Каталіцкага касцёла на Беларусі, як бы так мовіць, модна быць антыправаслаўным. Але я ведаю таксама, што сярод нашых братоў і сясцёр каталікоў нямала і тых, хто сапраўды, а не толькі на словах, імкнецца да еднасці і з павагаю ставіцца да Праваслаўнай царквы і нашае традыцыі.

 

Гэтая праблема для мяне мае асабістае вымярэнне. Частка маёй сям’і каталікі. Я таксама дзякую Богу, што меў магчымасць вывучаць каталіцкае багаслоўе ў Германіі, дзе атрымаў не толькі тэарэтычныя веды, але ўбачыў і іншы вобраз Каталіцкае царквы, іншае стаўленне да маёй роднай праваслаўнай традыцыі.

 

Менавіта гэта дапамагло мне пазбегнуць тых крайнасцяў ва ўзаемаадносінах праваслаўных і каталікоў, якія я часта назіраў на сваёй Радзіме. Гэты досвед дапамагае мне і цяпер у маім святарскім служэнні на Гарадзенскай зямлі, дзе спакон веку суіснуюць усходняя і заходняя хрысціянскія традыцыі.

 

З павагаю,

Протаіерэй Георгій Рой, святар Каложскай царквы, кандыдат багаслоўя, дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі.